Дзюнкерк: Як подзвіг «маленькіх лодак» зрабіў з ваеннай катастрофы сімвал надзеі


Ваенны гісторык Аляксандр Гелагаеў – пра падзеі, на падставе якіх Крыстафэр Ноўлан зняў свой апошні фільм. Ад заўтра – у беларускіх кінатэатрах.

20 ліпеня ў беларускі пракат выходзіць ваенная драма «Дзюнкерк» – і, што дзіўна для постсавецкага шалу з нагоды 9 траўня, гэта аповед не пра гераічную абарону ці наступленне, але пра адступленне, пра эвакуацыю.

Сцэна з фільму «Дзюнкерк». Фота – Melinda Sue Gordon / Warner Bros

Асновай для фільма сталі падзеі 1940 году, калі ў выніку паспяховага наступу нямецкіх войск у Бельгіі і Францыі групоўка брытанскіх, французскіх і бельгійскіх войск была прыціснутая спіной да марскога берагу.

Восенню 1939 годзе пачалася Другая сусветная вайна – Гітлер і Сталін заключылі сакрэтную дамову і падзялілі паміж сабой польскія, заходнебеларускія і заходнеўкраінскія землі.

Затым Сталін напаў на Фінляндыю, якая аказала СССР мужны і ўпарты супраціў. А Гітлер скіраваў увагу на Захад, дзе рыхтаваліся да бою з ім хаўруснікі Польшчы – Францыя і Брытанія.

Катастрофа

У траўні 1940 году нечаканым наступам праз Ардэнскія горы нямецкія танкавыя і матарызаваныя часткі разрэзалі папалам французска-ангельскі фронт. Праз лічаныя дні немцы выйшлі да Ла-Маншу ў тыле падраздзяленняў хаўруснікаў.

У атачэнні з трох бакоў апынуліся каля 400 тысячаў жаўнераў і афіцэраў, якія рана ці позна павінныя былі загінуць ці здацца, не маючы магчымасці доўга абараняцца без сталага забеспячэння на пустым беразе пад ударамі варожай артылерыі, авіяцыі і танкаў.

Фактычна Вялікая Брытанія магла ў першыя месяцы вайны амаль цалкам застацца без сухапутнай арміі. Гэта азначала немагчымасць абараняцца ў выпадку высадкі немцаў на Брытанскіх выспах, страту калоніяў і праз нейкі час – капітуляцыю.

Армію трэба было ўратаваць любым коштам, каб барацьба магла працягвацца. Гэтыя часы новы ангельскі прэмʼер-міністр Ўінстан Чэрчыль назваў «самымі цёмнымі».

Брытанскі выпуск навінаў 26 траўня 1940 году

Дзейнічала ваенная цэнзура, таму рэальныя памеры небяспекі былі невядомыя большасці звычайных брытанцаў. Аднак на першы дзень эвакуацыі – 26 траўня – кароль Георг прызначыў агульнанацыянальны дзень малітвы.

Уратаванне

Брытанскі флот павінен быў эвакуяваць сухапутныя войскі з амаль неабсталяванага берагу, да якога вялікія грузавыя караблі часта не маглі падысці.

Для гэтага ў моры стварылі некалькі імправізаваных прычалаў – проста загналі ў ваду цэлыя калоны аўтамашын, якія ўсё роўна немагчыма было пагрузіць.

Брытанскі цывільны карабель падарваўся на міне падчас эвакуацыі з-пад Дзюнкерка

У Брытаніі проста не было дастатковай колькасці судоў, каб хутка перавезці такую колькасць войскаў. Увесь час бераг знаходзіўся пад абстрэлам нямецкай артылерыі, падвяргаўся налётам авіяцыі.

Таму ўрад звярнуўся да звычайных жыхароў паўднёвай Англіі з просьбай дапамагаць ратаваць вайскоўцаў на любых судах, якія толькі могуць прайсці ад ангельскага берагу да французскага і назад.

Брытанскія рыбакі перавозяць жаўнераў з-пад Дзюнкерка

Больш за 700 такіх маленькіх караблікаў з 27 траўня па 3 чэрвеня перавезлі тысячы чалавек. Некаторыя з іх перавозілі жаўнераў з берагу да вялікіх караблёў, якія не маглі падысці блізка, некаторыя рабілі поўныя рэйсы ад Францыі да Брытаніі і назад.

Ратавалі жаўнераў і галандскія, і бельгійскія маракі – як вайсковыя, гэтак і цывільныя.

«Мы будзем змагацца»

Брытанцам і іхным хаўруснікам прыйшлося кінуць на беразе большасць тэхнікі і артылерыі, але яны захавалі галоўнае – кадравы склад вайскоўцаў, афіцэраў і жаўнераў, без якіх немагчыма было б працягваць супраціў.

Жаўнеры ідуць да карабля

Вонкавы перыметр дзюнкеркскай групоўкі абаранялі пераважна французскія войскі – толькі дзякуючы ім атрымалася цалкам эвакуяваць Брытанскі экспедыцыйны корпус і яшчэ дзясяткі тысячаў французскіх і бельгійскіх жаўнераў – агулам 338 тысячаў чалавек.

З 2 чэрвеня эвакуацыя з-за бесперапынных налётаў Люфтвафэ стала магчымай толькі ноччу, яна цалкам скончылася 4 чэрвеня.

У гэты дзень Чэрчыл выступіў у парламенце са знакамітай прамовай пра тое, што Брытанія будзе «біцца да канца»:

«Мы будзем змагацца ў Францыі, будзем змагацца на марах і акіянах, мы будзем біцца з усё большай упэўненасцю ў паветры, мы абаронім нашую выспу, чаго б гэта ні каштавала. Мы будзем біцца на берагах, у раёнах дэсантаў, у палях і на вуліцах, на пагорках, і мы ніколі не здамося».

«Цуд Дзюнкерка», адзінства народу, які на рыбалоўных карабліках і прыватных яхтах ратаваў сваіх хлопцаў з пасткі, узняў баявы дух брытанцаў і даў ім надзею на будучую перамогу, да якой было яшчэ пяць год цяжкай вайны.

Аляксандр Гелагаеў

Глядзі таксама
Каментары