«Думаў, КГБ мяне туды накіруе...» Топ-5 заяваў Лукашэнкі на памежнай заставе «Дзівін»


Аляксандр Лукашэнка разам са старэйшым сынам Віктарам 1 чэрвеня наведаў памежную заставу «Дзівін» у Кобрынскім раёне, дзе сустракаўся не толькі з памежнікамі, але і з іхнымі сем’ямі. Belsat.eu максімальна сцісла пераказвае тое, што Лукашэнка казаў сёння пра Украіну, мяжу з Расеяй, пераразмеркаванне вайскоўцаў і сваю службу ў памежных войсках.

Пра тое, каб закрыць мяжу з Расеяй

Лукашэнка заклікаў не спяшацца з рашэннем па беларуска-расейскай мяжы, дзе Масква ўсталявала свой памежны кантроль.

«Нам нельга прыпадабняцца расейцам. Яны самі не разумеюць, чаго хочуць і што яны робяць на беларуска-расейскай мяжы. Няхай вызначаюцца. Вызначыцца – нам не праблема адказаць. Мы гатовыя ў любы момант адэкватна даць адказ. Калі яны хочуць закрыць мяжу – калі ласка. Закрыюць – мы ў адказ таксама павінны ўвесці кантроль на мяжы. Ці гатовыя з намі як з саюзнікамі, як з роднымі людзьмі размаўляць… А межы – гэта перажытак мінулага, яны карысці мала даюць для стасункаў людзей, тым больш паміж расейцамі і беларусамі. Але гэта іх (расейскага боку) права, гэта іх справа».

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што гэта пытанне ў тым ліку будзе абмяркоўвацца падчас чэрвеньскага Найвышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы.

Пра тое, што Украіна ў NATO – гэта яшчэ не кепска

Лукашэнка заявіў, што калі ва Украіне перамогуць «надта нацыяналістычныя тэндэнцыі з арыентацыяй ваяваць з усімі», то гэта будзе горш за далучэнне Украіны ды NATO.

«Я часта расейцам кажу, якія баяцца, што Украіна стане натаўскай, што, можа быць, прыйдуць часы, калі мы будзем радавацца, што Украіна ў NATO, а не стала нейкай бандыцкай дзяржавай, дзе будуць асобныя бандфармаванні і групоўкі, – вось там нам мала не падасца: і Расеі, і Беларусі, і ўсім астатнім».

Гаворачы аб геапалітыцы, Лукашэнка заявіў, што асноўная сусветная пагроза сёння – сутыкненне буйных дзяржаваў. Прычым галоўнае – гэта сутыкненне ЗША і Кітая. Акрамя таго ён згадаў сутыкненне Расеі і Захаду.

Лукашэнка дадаў, што ва Украіне таксама сутыкнуліся інтарэсы буйных дзяржаваў.

«Там бы, можа быць, і быў мір, калі б у гэтым супрацьстаянні не былі зацікаўлены іншыя. Вы ведаеце хто», – сказаў ён, але не патлумачыў «хто».

Пра пераразмеркавання вайскоўцаў паміж арміяй і памежнай службай

Лукашэнка прапанаваў скараціць армію і павялічыць памежныя войскі, бо ў памежнікаў лепш падрыхтоўка і «няма гэтай усякай дзедаўшчыны».

«Можа быць, нам не трэба імкнуцца ўжо занадта скарачацца ў памежных войсках. Усё ж такі яны тут пастаянна ў баявой гатоўнасці. І навучанне дай бог. І для будучыні яны ўсё-ткі людзям даюць больш навыкаў, хоць бы для звычайных мотастралкоў. Можа быць, нам дзесьці армію падкараціць на 2-3 тыс., пакінуўшы ім (памежнікам) гэтую колькасць. Хай яны будуць на кожнай заставе па 5-10 чалавек. Не лішнія, а каб больш свабодна служыць у нейкім рэзерве».

Аляксандр і Віктар Лукашэнкі. Фота – http://president.gov.by

Пра тое як хацеў паехаць на Даманскі, дзе адбыўся ўзброенных канфлікт паміж СССР і Кітаю

«Я так падумваю часта, што калі б я не патрапіў у памежныя войскі і не служыў у іх, я б не быў прэзідэнтам. Такіх у маім жыцці было некалькі момантаў, што калі б я іх на сваім шляху не прайшоў, я б не быў тым, кім ёсць цяпер», – сказаў Лукашэнка.

Ён распавёў, што, калі скончыў ВНУ, на мяжы было ўсяго тры месцы, куды ён мог патрапіць з вышэйшай адукацыяй:

«Маглі ўзяць толькі траіх чалавек – служыць у Кушку, на Даманскі і ў Берасцейскім памежным атрадзе». «Ну, я – патрыёт – пасля падзеяў на Даманскім (у 1969 года там адбыўся ўзброены канфлікт паміж СССР і Кітаем – дзясяткі чалавек загінулі і атрымалі раненні – рэд.): так, я пайду, кажу, туды служыць. Думаў, калі я так жорстка пастаўлю пытанне, то КГБ мяне туды адправіць (гэта тады былі войскі КГБ). Памятаю, маёр мне кажа: «У цябе хутка сын народзіцца (я ўжо жанаты быў), які Даманскі, ты ж не ведаеш, што там будзе». Я кажу: «Не, я настойваю: калі не на Даманскі, добра, пайду на Кушку». Ён кажа: «Не, пойдзеш у Берасцейскі памежны атрад – тут на месцы, бліжэй». Я прыкінуў, думаю, добра, а то наогул не возьмуць. І вось, калі я прыйшоў у Берасцейскі памежны атрад, я зразумеў, што лепш бы я служыў на Даманскі. Гэта кашмарная была служба, і тузалі нас вельмі сур’ёзна».

І пра дзяцей

Аляксандр Лукашэнка. Фота – http://president.gov.by

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі не плануецца скарачаць адпачынак па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў, тым больш што ў краіне існуюць дэмаграфічныя праблемы.

«Пакуль мы гэта цягнем. Але астатнія льготы, я мяркую, трэба прадстаўляць вялікія, калі нараджаецца трэцяе дзіця. Вельмі вялікія. Кватэра… Чацвёрты – яшчэ больш льготы. Пяты – беспрэцэдэнтная льгота. Я паволі гэта ўжо пачынаю рабіць».

ІІ, belsat.eu, паводле president.gov.by і БелТА

Стужка навінаў