«Думала, чыпсы – а гэта прусакі». Самыя дзіўныя беларускія навіны 2017-га

Wideo

Найбольш парадаксальныя падзеі сёлета – у фірмовай рубрыцы з кодавай назвай «Трэш».

Знаходка года

Фота – Служба бяспекі Украіны

150 грузавікоў МАЗ, якія зніклі з заводу ў Менску, на пачатку года знайшлі ўва Украіне.

Усе машыны – жоўценькія. Пасля правядзення неабходных працэдураў Служба бяспекі Украіны паабяцала вярнуць аўтамабілі беларускаму заводу.

Каханкі года

У жніўні ў менскім парку па вуліцы Сердзіча 24-гадовы мужчына і 42-гадовая жанчына заняліся сексам прама на лавачцы.

Іх заўважыў міліцыянт, які даставіў каханкаў у апорны пункт. Пара, аднак, не супакоілася – і працягнула ў пастарунку. На мужчыну і жанчыну завялі крымінальную справу паводле артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства).

Банкет года

Фота – Damir Sagolj/Reuters/Forum

У траўні Коля Лукашэнка ў трэці раз наведаў Кітай, прыляцеўшы з бацькам на форум міжнароднай супрацы ў межах паназіяцкае транспартнае сістэмы «Адзін пояс – адзін шлях».

Калі на вечаровым банкеце старшыня КНР Сі Цзінь Пінь прапанаваў выпіць за развіццё праекту, келіх узнёс таксама 12-гадовы Коля Лукашэнка. Менчукі абурыліся толькі тым, што Коля не ў школе.

Парад года

Трактары на парадзе 3 ліпеня ў Менску. Фота – Аксана Манчук/БелТА/ТАСС

З нагоды Дня Незалежнасці ў сталіцы прайшоў парад пральных машынаў, трактароў, кілбасаў і ўнітазаў.

Якое дачыненне мае да свята сантэхніка, разгадаў Аляксандр Фядута.

«Дэманстратыўны і цалкам недвухсэнсоўны намёк: справа – поўная дупа!», – пісаў наш калумніст у ліпені.

«Таматына» года

На свяце «Іўеўскі памідор». 9 верасня 2017 года. Фота – Васіль Малчанаў/ Белсат

У верасні ў Іўі прайшоў першы ў Беларусі фестываль, прысвечаны галоўнай гародніне раёну.

Арганізатары «Іўеўскага памідора» натхняліся сусветна вядомай «Таматынай», падчас якой тысячы гасцей з усяго свету б’юцца памідорамі на вуліцах іспанскага мястэчка Буньоль. Памідорная бітва прайшла і на беларускім свяце. Праўда, нягледзячы на тое, што на Іўішчыне штогод збіраюць 4 500 000 кілаграмаў таматаў, на імпрэзе біліся толькі пластыкавымі памідорамі.

Пошукі года

Пенсіянерка не магла знайсці ў хаце свайго мужа.

У адной з кватэраў па вуліцы Калініна ў Менску мёртвы пенсіянер праляжаў два тыдні. У гэты час ягоная жонка ляжала ў шпіталі.

Калі жанчыну выпісалі, яна так і не здолела знайсці мужа ў хаце, і патэлефанавала ў міліцыю. Праваахоўнікі прыбылі на месца і знайшлі цела памерлага ў адным з пакояў.

Кватэра пенсіянераў была моцна захламленая – яны цягнулі ў хату ўсё, што знаходзілі на вуліцы. Нябожчык ляжаў у гары смецця.

Гэлаўін года

Гэлаўін у Менску. Фота – Вячаслаў Радзіміч

31 кастрычніка менскі хакейны клуб «Дынама» на матчы супраць маскоўскага «Спартака» вырашаў зладзіць гэлаўінскую імпрэзу.

Заўзятараў заклікалі прыходзіць на арэну ў адпаведных строях – праз гэта можна было выйграць фірмовыя прызы, патрапіць у клубную зону на партэры «Менск-арэны» і стаць героем святочнага выпуску тэлешоу. На месцы, аднак, міліцыя прымушала гледачоў змываць грым і здаваць строі ў камеру захоўвання.

Прусакі года

Насякомыя і галубы захапілі шматпавярховік у Берасці.

Птушкі занялі гарышча і «разводзяць там антысанітарыю». Праз гэта ў доме з’явіліся 4-сантыметровыя прусакі, якія па вентыляцыйных шахтах спускаюцца адтуль у кватэры.

«Я падумала, што суседзі рассыпалі чыпсы, уключаю ліхтарык – і бачу проста дыван з прусакоў», – распавядае адна з жыхарак.

Камунальнікі нібыта не маюць да гарышча доступу. Калі «Белсат» у лістападзе папрасіў іх пракаментаваць сітуацыю, кіраўнік мясцовага ЖЭСу сказаў, што мы «перашкаджаем яму працаваць».

Запраўка года

Напярэдадні Калядаў на адной з гарадзенскіх заправак пісталеты замест бензіну некалькі гадзінаў падавалі дызельнае паліва.

Некаторыя аўты заглухлі на месцы, іншыя паспелі ад’ехаць, але глухлі на трасе.

«Кліенты рэагавалі спакойна, ніхто не скандаліў», – каментавала здарэнне АЗС.

Кампенсаваць аўтамабілістам выдаткі на рамонт будуць па страхоўцы.

Аркестр года

Народны хор Гарадзенскага музычнага каледжу мае традыцыю выступаць перад Новым годам на плошчах і вуліцах гораду.

Сёлета на іх канцэрт не прыйшоў ніводны чалавек. Аднак артысты, нягледзячы на дождж са снегам, выканалі праграму да канца.

Няхай у Новым годзе трэшу будзе паболей – але ў іншых, не ў вас!

Папярэднія калекцыі:

Глядзі таксама
Каментары