ДТСААФ: патрыятычнае выхаванне ці траянскі конь?


Прэм’ер-міністр Беларусі, дзяржсакратар Рады бяспекі, міністры абароны і спорту, былыя вайскоўцы ў чыне нават генералаў і госці з былых савецкіх краінаў сёння ў Менску ўзялі ўдзел у паседжанні пленуму цэнтральнага савету Добраахвотнага таварыства садзеяння арміі, авіяцыі ды флоту СНД, ці папросту ДТСААФ. Адкуль такая ўвага высокіх вайсковых чыноў да не самай вядомай арганізацыі?

Паводле міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова, ДТСААФ мусіць стаць кузняй кадраў для новых відаў узбраення і арганізацыі тэрытарыяльнай абароны. А выканаўца абавязкаў дзяржсакратара Савету бяспекі Беларусі Станіслаў Зась лічыць, што добраахвотніцкае таварыства мусіць больш актыўна ўключыцца ў патрыятычнае выхаванне моладзі, бо паслабленне пільнай увагі да маладога пакалення стварае наўпроставую пагрозу дзяржаўнасці.

СЯРГЕЙ ВАЗНЯК, МАЁР ЗАПАСУ:

«Пытанне сутнасці гэтага выхавання. На што гэтае выхаванне скіраванае? Калі любоў да радзімы, любоў да Беларусі, абарона Беларусі ад знешняй агрэсіі – тады гэта добра. А калі выхоўваем любіць рускі свет, ці Бог ведае што, ці казачыя атрады фармаваць – гэта ўжо зусім іншае»

У Беларусі не першы год існуюць праўладныя структуры – такія, як Беларуская піянерская арганізацыя, акцябраты і БРСМ, якія згодна з уласнымі статутамі мусяць садзейнічаць выхаванню маладога пакалення ў духу патрыятызму і любові да радзімы. Але «патрыятызм» тут мае асаблівае значэнне.

СЯРГЕЙ ВАЗНЯК, МАЁР ЗАПАСУ:

«У нас быць патрыётам – гэта любіць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку! А гэта не любоў да радзімы. Тут радзіму любіць не абавязкова, а вось калі ты любіш прэзідэнта, значыць ты патрыёт!»

Вайсковыя адмыслоўцы лічаць, што Беларусь з-за падпісанай з Расеяй ды іншымі краінамі былога СССР Дамовы аб калектыўнай бяспецы папросту абавязаная супрацоўнічаць з расейскім войскам, у тым ліку і ў пытаннях стварэння тэрытарыяльнай абароны. Але палкоўнік у адстаўцы, былы працаўнік ДТСААФ Лявон Спаткай не бачыць вялікай моцы ў той форме абароны, якая сёння дзее ў Беларусі.

ЛЯВОН СПАТКАЙ, ПАЛКОЎНІК У АДСТАЎЦЫ, БЫЛЫ ПРАЦАЎНІК ДТСААФ:

«Фактычна тэрытарыяльная абарона на сённяшні дзень – гэта ахоўванне нейкіх прамысловых аб’ектаў, мастоў. А павінна быць такая тэрытарыяльная абарона, якая з пачаткам баявых дзеянняў ператварыцца ва ўсеагульны народны супраціў, штосьці падобнае на партызанскую барацьбу ў часы Вялікай Айчыннай вайны»

Прысутныя на пленуме беларускія чыноўнікі высокага рангу не раз падкрэслівалі, што ДТСААФ – адна з асноваў абароны краіны і мусіць актывізаваць сваю дзейнасць. Але ці разумеюць яны ад каго, магчыма, прыйдзецца бараніць краіну?

Пасля расейскай агрэсіі супраць Украіны, у сакавіку мінулага года ДТСААФ Беларусі і Расеі стварылі супольны прэзідыум – фактычна галоўны выканаўчы орган арганізацыі, які цяпер месціцца ў… Маскве. Так чым будзе ДТСААФ? Падмуркам ці ўсё ж «траянскім канём» у беларускай нацыянальнай абароне?

Юрый Салодкі «Белсат»

Стужка навінаў