Другога Грабоўскага шукаюць... праз біржу працы


Хакейны клуб «Берасце» падаў на біржу працы заяўку з якой вынікае, што каманда шукае на працу хакеіста і прапануе яму заробак  Br 12 млн. Хоць на самой справе вакансія ўжо занятая.

«Мы проста выконваем патрабаванні беларускага заканадаўства, каб узяць на працу замежнага хакеіста – патлумачылі нам у ХК «Берасце» – каб атрымаць магчымасць заявіць за клуб высакаякаснага спецыяліста мы падаем заяўку ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, адтуль яна верагодна трапляе і на біржу працы. У выніку гэтай працэдуры легіянеры атрымліваюць дазвол на працу ў Беларусі».

Фактычна для заяўкі на працу замежніка айчынныя клубы вымушаныя падаваць на біржу працы фіктыўныя вакансіі.

У беларускім заканадаўстве і прынятых нормах існуе маса іншых абсурдных палажэнняў. Да прыкладу, камандам рэкамендуецца закупляць форму і клюшкі толькі айчыннай вытворчасці, але іх якасць не дазваляе выкарыстоўваць іх у прафесійным спорце. Таму кіраўнікі клубаў нямала рызыкуюць, калі спрабуюць забяспечыць сваіх спартоўцаў якасным замежным абмундзіраваннем.

Тое ж самае датычыць транспарту для клубаў. Дзяржаўны спартыўны клуб (а іх у нас абсалютная большасць) можа купіць сабе толькі аўтобус маркі МАЗ.

Нагадаем, што ХК «Берасце» займае ў чэмпіянаце краіны па хакеі дзясятае месца сярод адзінаццаці ўдзельнікаў. Набраўшы пасля 20 матчаў трынаццаць пунктаў. Колеры клубу абараняе два замежнікі – чэх Якуб Мужык і літовец Эдгар Рыбакоў.

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў