Драўляныя крыжы ў Курапатах заменяць на металёвыя


Стартаваў краўдфандынгавы праект па зборы сродкаў на рэканструкцыю мемарыялу.

1 сакавіка на «Талацэ» з’явіўся праект па зборы сродкаў на рэканструкцыю крыжовага перыметру народнага мемарыялу ў Курапатах.

Аўтар праекту Алесь Чахольскі (КХП БНФ) лічыць, што надышоў час неабходнай замены крыжоў на новыя.

«Неабходна сабраць Br 10 тыс. На гэтыя сродкі плануем закупіць неабходныя матэрыялы (мэтал, фарбу), правесці рэзку і зварку, вырабіць і ўсталяваць 120 металёвых крыжоў. Гэтак мы правядзем рэканструкцыю крыжовага перыметра народнага мемарыялу, – падае Чахольскі. – Заклікаем хутка і якасна зрабіць нашу агульную беларускую справу».

Унікальнасць мемарыяла ў тым, што беларуская грамадскасць стварыла і цягам апошніх 20 гадоў дбала пра гэтае месца без аніякага падтрымання з боку дзяржавы. Апошнія дзесяць дзён абарона Курапатаў ад будаўніцтва побач з урочышчам бізнес-цэнтру робяць гэтае месца адным з самых актуальных у краіне.

Аўтар праекту па замене крыжоў абяцае даць справаздачу за выкарыстанне кожнай сабранай капейчыны.

Цягам раніцы ініцыятыву падтрымалі 9 чалавек, было сабрана 7 % неабходнай сумы.

Сродкі будуць збірацца да канца красавіка.

ДД

Глядзі таксама
Каментары