Дорага і без сэнсу, або Як у нас рамантуюць дарогі


Шырокія, хуткасныя, якасныя – гэткімі ўяўляюцца беларускія дарогі, калі глядзець дзяржаўнае тэлебачанне. Аднак калі выбрацца за Менскую кальцавую, можна трапіць на дыяметральна іншую карцінку. Гэтак, напрыклад, выглядаюць дарогі ў Слуцку і Рэчыцы.

У першыя дні сакавіка «Белсат» распавядаў пра кепскі стан дарогаў у малых гарадах. Цяпер перанясемся на Глыбоччыну, у вёску Верхняе. Дарожнае пакрыццё літаральна перакапанае. Асабліва гэта відаць цяпер, калі сышоў снег.

«У вёсцы цяпер мала працы, шмат хто ездзіць у горад. Самі бачыце, колькі тут машынаў, а дарогі няма. Я нават магу сказаць, што напэўна за пяцьдзясят гадоў, што я пражыў тут, у такім дрэнным стане дарогі не было», – кажа мясцовы жыхар Яраслаў Берніковіч.

Не дапамагае і адмысловы дарожны падатак, які бяруць з уладальнікаў аўтаў пры тэхаглядзе. Спадар Берніковіч мяркуе, што сістэма, пры якой сродкі ідуць у рэспубліканскі бюджэт, а пасля размяркоўваюцца, толькі пагаршае сітуацыю.

«Калі б падаткі збіралі і былі б у раёне, то гэта больш было б празрыста. Бо мы б ведалі, колькі мы здалІ падаткаў, колькі з іх пайшло на рамонт дарогі і дзе гэныя дарогі»,упэзнены спадар Яраслаў.

Вёска Верхняе месціцца за дзесяць кіламетраў ад Глыбокага. А гэта дарогі вёскі Шунеўцы, што ўсяго за два кіламетры ад гораду. Аднак і ў Глыбокім справа выглядае не найлепшым чынам.

Мясцовыя аўтааматары распавядаюць, што часта нават не сягаюць хуткасці, дазволенай дарожнымі абмежавальнымі знакамі.

«Б’ем машыну, падвеску. А плацім дарожны падатак гэтак званы. І вельмі вялікі. Прынамсі тое, што мы атрымоўваем пенсію – заплаціць гэты падатак, паўмесяца будзеш галодны», – распавядае мясцовы жыхар Леанід Трызна.

Каб развязаць праблему, дарожнікі перыядычна робяць гэтак званы ямкавы рамонт. Аднак плёну ад яго практычна ніякага. Са словаў адмыслоўцаў, робяць гэты рамонт з парушэннямі тэхналогіі, таму і карысці ад яго няшмат. Але калі рамонт не праводзіць, то арганізацыя не выканае план, і налета ёй яшчэ больш урэжуць фінансаванне.

«Рабіць хутчэй-хутчэй-хутчэй, людзі скардзяцца, таму план выконваецца, а гэты рамонт ямак два месяцы пастаяў, тры – і рабі яго па-новаму», – раскрывае «таямніцы» дарожных службаў Часлаў Вайтэцкі, былы дарожны майстар.

Днямі сотні тысяч беларускіх інтэрнаўтаў ды гледачоў «Белсату» пабачылі, як такі рамонт рабілі ў Вілейцы. І пакуль чыноўнікі на звароты людзей адказваюць, што грошай на грунтоўны рамонт бракуе, дарожныя службы літаральна закопваюць іх у зямлю.

Валерыя Уласік, belsat.eu

Фота dzerginsk.by

Стужка навінаў