Што будзе з Green Сard? Дональд Трамп хоча прыпыніць латарэю


Амерыканскі прэзідэнт аб’явіў у сераду аб сваім намеры прыпыніць правядзенне латарэі Green Card, якая дае магчымасць выйграць іміграцыйныя візы ў ЗША.

Па папярэдняй інфармацыі следства, тэрарыст, які здзейсніў напад у Нью-Йорку ў панядзелак, прыехаў у ЗША, выйграўшы Green Card. У гэтай сувязі Дональд Трамп некалькі разоў выказаўся ў Twitter і заявіў аб тым, што настаў час прыпыніць латарэю іміграцыйных візаў у ЗША. Ён прапануе пакінуць магчымасці для іміграцыі ў ЗША толькі для кваліфікаваных спецыялістаў і студэнтаў.

З такой заявай ён выступіў таксама на паседжанні ў Белым доме ў сераду, як паведамляе CNN.com. Трамп сказаў, што ён пачынае неадкладна дзейнічаць у кірунку закрыцця латарэі Green Card і заклікае Кангрэс таксама заняцца гэтым пытаннем.

Латарэя Green Card праводзіцца з 1990 году. Штогод 50 тысячаў амерыканскіх іміграцыйных візаў размяркоўваліся выпадковым чынам сярод жыхароў краінаў, адкуль паток мігрантаў у ЗША быў невялікім. Мэта праграмы – разнастаіць міграцыйную плынь у ЗША. Green card прадугледжвае права на сталае знаходжанне на тэрыторыі ЗША, права на працу і атрыманне грамадзянства ў перспектыве.

«Мы змагаемся за кваліфікаваную іміграцыю, час прыпыніць латарэйную сістэму дэмакратаў. Мы павінны быць больш моцнымі (і разумнымі)», – напісана ў Twitter Дональда Трампа.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў