Доналд Трамп у Варшаве: Амерыка любіць Польшчу і палякаў


Доналд Трамп узяў удзел у саміце краінаў Трохморʼя ў Варшаве, сустрэўся з польскім прэзідэнтам ды звярнуўся да палякаў падчас публічнага выступу.

«Мы стаім плячо да пляча з краінамі Трохморʼя»

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда

Доналд Трамп у якасці госця ўзяў удзел у першай сесіі саміту краінаў Трхморʼя. У сустрэчы на найвышэйшым узроўні таксама бяруць удзел кіраўнікі 12 краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: Аўстрыі, Балгарыі, Харватыі, Чэхіі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Румыніі, Славеніі, Славакіі і Вугоршчыны.

«Мы стаім плячо да пляча з краінамі Трохморʼя, цешымся з гістарычнай магчымасці паглыблення нашага гаспадарчага партнёрства з вашым рэгіёнам», – заявіў Трамп падчас урачыстага адкрыцця саміту.

«Гэты гістарычны сход мае распачаць новую будучыню для адкрытага рынку і таннай энергіі, што прынясе большую бяспеку і дабрабыт усім нашым грамадзянам. Мы сядзім на гіганцкіх энергетычных запасах і цяпер зʼяўляемся экспарцёрамі энергіі, таму незалежна ад таго, калі вам яна спатрэбіцца – папросту да нас тэлефануйце», – дадаў Доналд Трамп.

«Амерыка любіць Польшчу і палякаў»

– з гэтых словаў распачаўся публічны выступ Доналда Трампа ў цэнтры Варшавы на пляцы Красінскіх. Кіраўнік ЗША падзякаваў за цёплы прыём ды заявіў, што для яго – гонар быць з візітам у Польшчы.

Акрамя таго, Трамп згадваў старонкі гісторыі Польшчы – пра тое, як польскае войска падчас полська-бальшэвісцкай вайны спыніла Чырвоную армію і «ўратавала Еўропу ад камунізму». Таксама Доналд Трамп згадаў драматычныя гады Другой Сусветнай вайны і супраціў польскага войска і паўстанцаў.

Вяртаючыся да супрацы паміж ЗША і Польшчаю, Трамп ізноў закрануў тэму энергетычнай бяспекі.

«Мы гарантуем вам доступ да альтэрнатыўнай энергіі, каб Польшча і іншыя краіны ніколі не былі закладнікамі аднаго пастаўніка энергіі», – заявіў Трамп.

Трамп верыць у ідэю Трохморʼя

Доналд Трамп прамаўляе ў Варшаве

«Ініцыятыва Трохморʼя адбудуе цэлы рэгіён і будзе гарантаваць, што вашая інфраструктура, таксама як і вашыя забавязальніцтвы ў справе бяспекі і свабоды яшчэ мацней будуць інтэграваць вас да ўсёй Еўропы і ўсяго Захаду», – заявіў Доналд Трамп.

Глядзіце таксама:

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў