Доналд Трамп сустрэне Новы год з Сілвэстрам Сталонэ


А далучыцца да іх тэарэтычна можа кожны.

Новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сустрэне Новы год у сваёй рэзідэнцыі ў Фларыдзе ў кампаніі сваёй жонкі Мэланіі і малодшага сына Бэрана, а таксама актора Сільвестра Сталонэ ды іншых зорак.

Імаверна, запрашэнне менавіта Сталонэ – сімвалічнае, і звязанае з ягоным імем: паводле каталіцкага календару, 31 снежня – дзень Святога Сільвестра (то бок, папы Сільвестра І-га).

На імрэзу да Трампа, зрэшты, тэарэтычна можа патрапіць кожны ўдзельнік клубу прыватнага курорту Трампа: дастаткова набыць квіток. Паводле The Hill, ужо ўночы на суботу ўсе 800 білетаў былі прададзеныя. Кошт квіткоў не ўдакладняюць.

Плануецца, што ў рэзідэнцыі Мар-а-Лага, што месціцца ў курортным мястэчку Палм Біч у штаце Флорыда, гасцям спачатку прапануюць кактэйлі, потым адбудзецца святочная вячэра, а скончыцца ўсё танцамі.

ДД

Стужка навінаў