Доналд Трамп адмяніў сустрэчу з Кім Чэн Ынам


Амерыканскі прэзідэнт выслаў ліст на адрас кіраўніка Паўночнай Карэі. У ім гаворыцца, што запланаванай сустрэчы не адбудзецца праз «адкрыта варожыя выказванні» з боку кіраўніцтва Паўночнай Карэі.

«Калі вы перадумаеце адносна гэтага важнага спаткання, то звяжыцеся са мною. Свет, а асабліва Паўночная Карэя, страціў выдатную магчымасць для ўсталявання трывалага міру, вялікага росквіту і багацця. Гэтая ўпушчаная магчымасць сапраўды сумны момант у гісторыі», – напісаў Трамп.

Сустрэча Доналда Трампа і Кім Чэн Ына была запланаваная на 12 чэрвеня. Асноўнаю тэмаю такой сустрэчы павінна было стаць поўнае ядравае раззбраенне Паўночнай Карэі.

У красавіку кіраўнік Паўночнай Карэі абвясціў аб прыпыненні выпрабаванняў ядравай зброі і міжкантынентальных балістычных ракет ды закрыцці палігона для ядравых выпрабаванняў.

«Ва ўмовах, калі мы паставілі на ўзбраенне ядравыя сродкі, цяпер у нас знікла неабходнасць у ядравых выпрабаваннях і выпрабаванні балістычных ракет сярэдняга ды далёкага радыусу дзеяння, а такім чынам палігон для ядравых выпрабаванняў вычарпаў сваю місію», – прыводзіць паўночнакарэйскае іфармацыйнае агенцтва ЦТАК словы Кім Чэн Ына.

Пазней было апублікаванае відэа са спадарожніка, на якім бачна, што некалькі будынкаў ядравага палігону сапраўды знішчаныя. КНДР збіраецца захаваць свой ядравы патэнцыял, але адмовіцца ад далейшых выпрабаванняў ядравай зброі.

На мінулым тыдні Саветнік Трампа па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан у адным з інтэрвью паведаміў, што яны будуць патрабаваць ад Кім Чэн Ына цалкам адмовіцца ад ядравай зброі і ядравага паліва. Маўляў, гэта пакажа, наколькі сур’езна лідар КНДР падыходзіць да супрацы з ЗША.

Пасля віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс у інтэрвʼю тэлеканалу Fox News папярэдзіў лідэра КНДР Кім Чэн Ына, каб той не спрабаваў «гуляць» з прэзідэнтам Трампам падчас іх сустрэчы.

«З боку Кім Чэн Ына было б вялікай памылкай думаць, што ён можа гуляць з Доналдам Трампам», – казаў Пэнс.

Рэакцыя Паўночнай Карэі не прымусіла сябе чакаць.

«Калі тон заяў ЗША ў наш адрас будзе і надалей гэтак жа нахабным, які дазволіў сабе віцэ-прэзідэнт Майк Пэнс, то я буду рэкамендаваць кіраўніцтву адмяніць саміт», – заявіла намеснік міністра замежных справаў Паўночнай Карэі Чхвэ Сон Хі.

Раней Кім Чэн Ын адмяніў сустрэчу з кіраўніцтвам Паўднёвай Карэі праз удзел іх войскаў у сумесных вучэннях з войскамі ЗША.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў