Дом на вёсцы будзе па кішэні кожнаму?


Мясцовыя выканкамы атрымалі права прадаваць нічыйныя дамы без правядзення аўкцыёнаў. Агулам па краіне гэта амаль 40 тысячаў хатаў.

4 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога мясцовыя ўлады маюць права прадаваць безгаспадарныя і аварыйныя пабудовы ва ўсіх населеных пунктах Беларусі наўпрост або праз аўкцыён (у тым ліку з выкарыстаннем механізму паніжэння пачатковай цаны на 20%, 50% і 80%). Пры гэтым магчымасць прамога продажу прадастаўляецца на ўсёй тэрыторыі краіны, за выключэннем абласных цэнтраў і Менску.

Весці рэестры пакінутых дамоў будуць выканкамы, а ў Менску – адміністрацыі раёнаў.

Колькі каштуе хата ў вёсцы

Дом з дакументамі набыць вельмі лёгка, распавядае Верасень, жыхар вёскі Лохаўшчына і даўншыфтар са стажам.

«Наш дом меў гаспадара і адпаведныя дакументы. У гэтым выпадку проста ідзеш да натарыуса і набываеш. Гэты закон тычыцца безгаспадарных дамоў. Дамы каштуюць у нашым рэгіёне ад 500 да 5000 $ у залежнасці ад стану. Рамонт можа каштаваць у залежнасці ад неабходнасці. Ад $ 100 да $ 100 000».

Калі дом вельмі стары, то прасцей пабудаваць новы, дадае суразмоўца.

«Купляюць не дом, а ўчастак. На ўчастак цяжка зрабіць дакументы без гаспадароў. Толькі ў Беларусі няма маёмасці на зямлю. То бок, фактычны ты афармляеш правы на 99-гадовую арэнду. Раней, калі не было гаспадара, нічога не зробіш. Потым прыдумалі аўкцыён, механізм якога мала хто разумеў і таму амаль не займаўся. Цяпер вось новы закон».

Агратурыстаў і даўншыфтараў паболее?

Афіцыйна ў беларускіх вёсках больш за 30 тыс. дамоў прызнаныя спарахнелымі і звыш 10 тыс. – пустуючымі. Гэта амаль 250 тысяч квадратных метраў.

Раней закон не дазваляў адразу зносіць нікому непатрэбныя хаты. Трэба было шукаць спадчынніка і браць афіцыйную адмову ад правоў на дом. На пошукі гаспадара праз запыты ў міліцыю і заявы ў суд могуць сысці гады.

Цяпер прынцыповае значэнне будуць аддаваць уходу за домам і прылеглай тэрыторыяй. Паводле новага закону, пустой прызнаюць тую пабудову, у якой ніхто не жыве апошнія тры гады ніводнага дня. Раней трэба было жыць у хаце не менш за месяц на працягу кожнага года.

У новым указе таксама прапісаны механізм магчымага вяртання ўласніку дома, які перадалі ў камунальную ўласнасць. Калі дом знеслі, то ўласнік можа атрымаць кампенсацыю ад выканкаму. У выпадку продажу яму таксама выплацяць грошы з мясцовыга бюджэту.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў