«Долар па 25 тыс.рублёў вітаўся б прадпрыемствамі, але насельніцтва будзе незадаволенае»


Што будзе з валютай далей і ці варта нам чакаць новых рэкордаў? Меркаванне эканаміста і жыхароў Магілёва.

Пасля кароткачасовага ўзмацнення курс беларускага рубля даў слабіну. На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы ў Менску долар ЗША падскочыў адразу на 108 рублёў. Гэткім чынам, долар цяпер каштуе амаль 17800 рублёў. Еўра вырас на 129 рублёў і каштуе 19 825 рублёў. Адмыслоўцы лічаць, што сёння ў айчыннай эканоміцы склаліся ўсе ўмовы для далейшай дэвальвацыі валюты.

«У прынцыпе, падзенне беларускага рубля да 20 ці нават да 25 тыс. рублёў за долар – яно б толькі віталася беларускім прамысловым сектарам і экспарцёрамі. І шмат якія прадпрыемствы ўжо падрыхтаваныя да такога падзення. Іншая справа, што насельніцтва будзе вельмі незадаволеным такім падзеннем, бо гэта будзе азначаць падзенне рэальных даходаў», – кажа эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

Сваё імклівае падзенне беларускі рубель распачаў 24 жніўня. У адносінах да долара «зайчык» патаннеў адразу на 5,2 %. Ужо на наступны дзень падзенне працягнулася, а долар паставіў абсалютны рэкорд і стаў каштаваць 17 836 рублёў. Праз два дні Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад баранавіцкімі працаўнікамі, заявіў, што Нацбанк не будзе трымаць курсу рубля штучна, інакш зноў не пазбегнуць разавай дэвальвацыі.

«Нацыянальны банк быў бы рады гэта правесці, але замінаюць палітычныя чыннікі накшталт выбараў. Таму, я думаю, аслабленне рубля непазбежнае, але будзе праведзенае ўжо пасля выбараў», – працягвае Аляксандр Сінкевіч.

Ці варта чакаць яшчэ горшых часоў для нацыянальнай валюты? З гэткім пытаннем «Белсат» выйшаў на вуліцы Магілёва.

«Ужо ў лістападзе курс долара будзе каля 20 тыс. рублёў», – кажа жыхар гораду, якога сустрэў карэспандэнт нашага тэлеканалу.

«Лічу, самае горшае яшчэ наперадзе», – агучвае сваё меркаванне жыхарка гораду.

На думку экспертаў, да канца года долар яшчэ некалькі разоў можа аднавіць рэкорд. Верагоднасць гэтага ўзрасце ў выпадку павелічэння прамысловага лобі на Нацбанк Беларусі, каб айчынным прадпрыемствам можна было разгрузіць склады на расейскі рынак.

Віталь Бабін

Стужка навінаў