Добрае «беларускае вуду»


Адныя лялькі сочаць за дабрабытам, іншыя – прыглядаюць за дзецьмі. Ёсць тыя, што ратуюць ад хваробаў і тыя, што спаўняюць жаданні і нават могуць спыніць час!

Гарадзенка Вольга Сідлярэвіч выдала кнігу пра беларускія абрадавыя лялькі пад назвай «Паверце лялечцы».

15 гадоў назад спадарыня Вольга зайшла ў госці да сяброўкі і ўбачыла каля пліты нейкую дзіўную скручаную лялечку, у якой было шмат рук.

– Што гэта за лялька? – спыталася госця.

Яна дапамагае мне ўсё паспяваць, – адказала сяброўка, якая праз чатыры месяцы забрала госцю на майстар-клас, які змяніў ейнае жыццё. З таго часу маленькія палатняныя сяброўкі сталі дапамагаць спадарыні Вользе ў хатніх справах, у справах кахання і спаўненні запаветных жаданняў.

Лялькі, які спаўняюць жаданні

Вольга Сідлярэвіч, гарадзенская майстрыха. Горадня Васіль Малчанаў/ Белсат

У славянскай культуры тэкстыльныя абрадавыя лялькі існавалі як абярэгі, а таксама як медытатыўныя прадметы ў сямейных і каляндарных абрадах. Жанчына, якая рабіла ляльку, факусавалася на праблеме і стварала адпаведны настрой.

Псіхолагі гавораць, што асэнсаванне і добра ўвасобленае ў словах жаданне пераўтвараецца ў намер, які накіроўвае чалавека на шлях спаўнення ягоных мараў. Часта ў часе выканання лялькі чыталіся спецыяльныя замовы, які трэба было дачытаць да канца, ані разу не збіўшыся. Майстрыха Вольга Сідлярэвіч таксама вырабляе адмысловыя лялькі, якія спаўняюць жаданні чалавека.

Лялька “Жаданніца”. Горадня Васіль Малчанаў/ Белсат

«Вось на прыклад гэтая лялечка – «жаданніца». Такую лялечку дзяўчынка рабіла і хавала ў скрынку так, каб яе ніхто не бачыў. І калі ў яе было жаданне, такое вялікае, глыбокае, сардэчнае, яна даставала сваю жаданніцу, гулялася з ёй і прывязвала да адзення якую-небудзь стужачку або прышывала гузічак ці пацерку. І казала: я табе падаруначак падару, а ты мне за гэта дапамажы маё жаданне споўніць. Лялечку хавала і забывалася на гэта. Праходзіў час і жаданне спаўнялася. Зноў дзяўчынка даставала з куфэрачка лялечку, каб падзякаваць», – распавядае спадарыня Вольга, выцягнуўшы са скрынкі сваю лялечку жаданніцу.

Лялькі на ўсякую патрэбу

Жанчыны, пачынаючы з дзяцінства, рабілі лялькі на ўсякія свае патрэбы, разам з чым аддавалі ім частку сваіх клопатаў. Некаторыя жанчыны мелі каля сотні «лялек-дапаможніц».

Лялька “Траўніца”. Горадня Васіль Малчанаў/ Белсат

«Гэтая лялька з травы сочыць, каб дзеткі спалі. Таму што зёлка з зямлі вырастае і добра ведае, што там пад зямлёй робіцца. На зёлку сонейка свеціць і дожджык палівае. Значыцца, зёлка ведае, што там у нябёсах робіцца. Вецер з ёй гуляе. А вецер усюды лётае і ўсё напэўна ведае. І гэтая траўка ўсё ўбірае ў сябе. Мы яе на Купалу зразаем, сушым і робім з яе падушачку або лялечку, і калі спім, то ўдыхаем гэты пах і такім чынам з усім светам гаворым. Таму былі сенавалы. Таму дзіцячыя калыскі заўсёды ўсцілалі сенам. Яго было лёгка змяніць. І дзіця заўсёды дыхала свежым і добрым паветрам», – зачароўвае казачным расповедам спадарыня Вольга, працягваючы «ляльку-Траўніцу», ад якой сыходзіць далікатны водар палявых кветак і зёлак.

Наступная лялька крыху нагадвае павука, таму што на дзіва мае дзесяць выцягнутых ручак. Як аказалася, менавіта такая «дапаможніца» сочыць, каб час спыняўся. Яна так і называецца – «дзесяціручка».

Лялька “Дзесяціручка”. Горадня Васіль Малчанаў/ Белсат

«У яе 10 рук і можна не турбавацца пра час. Можна сказаць: мілая дапамагай! І ісці спакойна прымацца за першую справу. Не турбавацца, не лётаць і не трывожыцца, што не паспееш, не дабяжыш, не даробіш. Яна дапамагае і сочыць, каб усё атрымалася».

Спадарыня Вольга працягвае паглядзець на іншую лялечку, якую называе «Сяброўка», у іншых крыніцах яна вядомая, як «Шчасце».

Адметна, што тэкстыльныя абрадавыя лялькі маюць адну характэрную рысу: усе яны не маюць тварыкаў. Паводле традыцыйных уяўленняў самых розных народаў, менавіта цераз рот, нос, вочы і вушы духі ўсяляюцца ў свае выявы. Адсутнасць твару была знакам таго, што лялька не мае душы, яна не можа быць двайніком жывога чалавека і ніхто не зможа нашкодзіць чалавеку праз такую ляльку.

«Бывае так, што дзяўчынка далёка ад маці. І нешта здарылася і не аб усім маці можна расказаць. Ну не аб усім. А сяброўцы не раскажаш, бо небяспечна. У сяброўкі можа быць язычок доўгі, тады бралі лялечку і на вушка ёй усё-усё вышэптвалі. Лялька нікому не скажа, бо вуснаў на мае. І не асудзіць, бо вачэй не мае. Таму і тварыкі не малявалі. Таму што наш твар змяняецца кожную секунду. Мы ж жывыя. Усё ў нас змяняецца: сёння мне не так весела, сёння мне сумна і лялечка са мной пасумуе, заўтра мне весела і яна мне ўсміхнецца».

Як тлумачыць спадарыня Вольга, звычайна абрадавыя лялькі выконвалі жанчыны, таму яны адносяцца да жаночай прадукуючай, ачышчальнай і абарончай побытавай магіі. Першапачаткова яны напаўняліся энергіяй сям’і і роду ды неслі ў сабе толькі добры пачатак. Некаторыя з іх вырабляліся дзеля аховы ад цёмных сілаў, клопатаў, сварак, хваробаў і ставіліся часцяком у чырвоны кут. Адной з такіх лялек была «крупянічка» або «зернавушка», якая сачыла за багаццем і добрым ураджаем у доме.



Як распавядае Вольга Сідлярэвіч, у адрозненні ад лялек вуду, якія робяцца на знішчэнне, славянская лялька – «прадукуючая». Гэта сямейная лялька, якая рабілася на тое, каб множылася сям’я, каб нараджаліся дзеткі і быў лад у хаце.

Лялькі, якія дапамагалі хворым, называліся – «ліхаманкі». Іх рабілі 13 штук, маленечкімі, збіралі нітачкамі і ставілі на комін, які быў па-сутнасці мяжой паміж тым светам і гэтым. Кожная з лялечак атрымлівала сваю назву: пухлея, гарачэя, трасея і г.д. І калі зімой пачынаў хварэць хтосьці з сям’і, гаспадыня брала лялечку, казала ёй: «калі не паправіцца хворы, выкіну цябе на мароз!». Чалавек папраўляўся, а лялька забірала на сябе хваробу.

Дзе людзі, там і лялькі

Як вынікае са слоў выканаўцы традыцыйнай беларускай лялькі, самая старэйшая славянская лялька датуецца XVI стагоддзем, аднак гэта не азначае, што менавіта тады з’явіліся лялькі. На жаль тканіна, з якой скручвалі мотанкі не можа доўгі час захоўвацца, аднак нематэрыяльная славянская культура сведчыць, што лялькі сягаюць сваймі каранямі ў далёкае дахрысціянскае мінулае.

Лялька “Доля”. Горадня Васіль Малчанаў/ Белсат

«Іх жа рабілі з усяго. З дрэва, гліны, з саломы – што было пад рукамі. З сучкоў, з нітачак плялі. У мяне ёсць фотаздымкі з музею ў Міры. І ў Амерыцы, і ў Афрыцы знаходзяць такія лялькі. І яны такім крыжыкам перавязаныя, абярэжным. Яны аднолькавыя, што там, што ў нас на славянскай тэрыторыі. Дзе былі распаўсюджаны людзі – былі распаўсюджаны лялькі. І лялька – гэта не толькі забаўка для дзіцяці», – тлумачыць майстрыха.

«Калі дзіця нараджаецца, нездарма яму ў руку даюць ляльку. Лялька гэта тое, што праходзіць з намі праз усё жыццё. І гэта не правільна, што хлопчыкам сёння даюць у рукі аўтамат, ці трансформер. Раней хлопчыкі з дзяўчынкамі да 5-ці гадоў гулялі ў лялькі. Чаму? Яны гулялі ў дом. Яны вучыліся быць бацькамі. Праз гульню ж усё. Часам на прыклад бацька крычыць на сына: ты чаго ў лялькі бавішся, ты што баба?! А дзіця цягне да лялькі. Раней жанчына на ляльку малако з грудзей брызгала. І калі ў полі працавала, дзіця з лялечкай засынала, адчуваючы пах малака маці. Вось вам абярэг. Чаму дзеці любяць лялькі? Бо яны іх налюбліваюць. Яны пахнуць ім дзяцінствам, пахнуць радасцю, пахнуць бацькамі. Такая вось магія. Жаночая магія», – дадае спадарыня Вольга.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Ад рэдакцыі: Вольга Сідлярэіч ладзіць майстар-класы, у яе ж можна і набыць кнігу «Паверце лялечцы». Кантакт да майстрыхі – svet-petrov@mail.ru

Стужка навінаў