Добраахвотнік, беларус, нацыст – меркаванне нацыяналіста


Беларускі добраахвотнік Стас, які ваяваў у украінскім добраахвотніцкім палку «Азоў», адначасова быў нацыстам. Міліцыя затрымала яго ў Віцебску. Гэтак гучаць сухія факты гісторыі, якая ўчора ўзрушыла ладную частку беларускага інтэрнэту.

Рэакцыя каментатараў была разгубленая – ад адмаўлення фактаў і падазрэнняў адносна «правакацыі ФСБ» да «не трэба было гэтага пісаць, каб не даваць зброі антыбеларускай прапагандзе».

Іншыя, хто быў настроены супраць беларускай і ўкраінскай дзяржаўнасці, наадварот, знайшлі «новыя пацверджанні» сваім стэрэатыпам.

Чытайце таксама: «Адчапіцеся ад татуіровак, ён прыехаў дапамагаць». Добрае слова пра «Тэррор-машыну»?

Аднак пазіцыя беларускага нацыяналіста заўсёды павінна быць маральна і лагічна бездакорнай. Нельга хлусіць і хаваць праўду, трэба быць мужным і глядзець праўдзе ў твар, каб рабіць адэкватныя вывады.

Немагчыма адмаўляць факт – ва ўкраінскім палку «Азоў» знайшлі сабе месца некаторыя прыхільнікі злачыннай ідэалогіі гітлерызму, скінхеды і таму падобныя радыкалы ў тым ліку і з Беларусі.

Гэта мае неадназначныя наступствы – з аднаго боку нават такія людзі ваююць за абʼектыўна добрую справу, абараняючы Украіну, а таксама і Беларусь. З іншага боку, яны атрымліваюць баявы досвед, які могуць потым выкарыстаць у іншых мэтах.

Аднак лагічна і спакойна разглядаючы сітуацыю з нацыстам-беларусам з «Азова», трэба адназначна і рашуча зрабіць некалькі высноваў.

1. Прысутнасць неанацы сярод беларускіх добраахвотнікаў «Азова» ніяк не кампраметуе беларускі нацыянальны рух, бо нацызм не сумяшчальны з беларускім нацыяналізмам.

Камуністычная прапаганда штучна прыраўнавала нацыяналізм да нацызму – каб усіх людзей, якія змагаліся за незалежнасць сваіх народаў ад СССР, назваць амаральнымі злачынцамі.

Беларускі нацыяналізм – гэта палітычная ідэя, якая скіраваная на абарону праў беларускай нацыі, перш за ўсё праз адбудову і абарону сваёй незалежнай дзяржавы і культуры.

Сярод беларускіх нацыяналістаў былі і ёсць людзі рознага паходжання, бо беларускі нацыяналізм – ідэя, якая абʼядноўвае людзей у любові да Беларусі, а не падзяляе іх праз расісцкую нянавісць.



Такі нацыяналізм беларускі каталіцкі святар Вінцэнт Гадлеўскі, які загінуў ад рук нацыстаў, называў творчым нацыяналізмам:

«Для сутнасцi творчага нацыяналізму патрэбны: сведамасць сяброў дадзенай нацыi аб сваім фiзычным i псіхiчным сваяцтве; воля падняцця гэтай нацыi i зраўнання яе з iншымi нацыямi; праца дзеля развiцця нацыянальных вартасцяў народу, яго мовы, лiтаратуры, навукi, мастацтва, а такжа падняцця ягонага эканамiчнага й палiтычнага бытавання. Такога творчага нацыяналiзму спыняць нiхто ня мае права, анi свой, анi чужы. Хто б спыняў, той грашыў бы супраць свайго або супраць чужога народу».

Расізм, заклікі ці праслаўленне генацыду, нянавісць да іншых народаў, адмаўленне іншым народам у іх правах – цалкам варожыя беларускаму нацыяналізму.

Больш за тое, гэтыя зʼявы толькі шкодзяць таму народу, сярод якога пашыраюцца, падрываюць ягоную маральную сілу, робяцца прычынай злачынстваў і самаачмурэння прапагандысцкай хлуснёю. Таму нацысцкія ідэі цалкам супрацьлеглыя інтарэсам беларускай нацыі.

2. Ніяк не скампраметаваныя і іншыя беларускія добраахвотнікі – вайна прыцягвае розных людзей, і часам у адным акопе падчас вайны за добрую справу аказваюцца вельмі непадобныя асобы.

Большасць беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну, не маюць нічога агульнага з нацызмам. Такія з іх, як загінулы Алесь Чаркашын, былі перакананымі хрысціянскімі нацыяналістамі – то бок па вызначэнні адмаўлялі нацысцкі расізм і злачынствы.

Яны наследуюць ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму і іншым беларускім нацыяналістам, якія загінулі, бо любілі свой народ, а не таму, што ненавідзелі іншыя народы.

3. Сама тое, што добраахвотнік Стас калісьці стаў нацыстам, як тое, што многія іншыя маладыя людзі робяцца «казакамі», едуць ваяваць за так званыя «ДНР-ЛНР» ці зʼяўляюцца прыхільнікамі бальшавізму ці іншых антыбеларускіх ідэалогій – гэта ў цэлым правіна, недапрацоўка, паказчык недастатковай актыўнасці беларускага нацыяналістычнага руху.

Гэта вынік таго, што нацыяналістычныя ідэі недастаткова шырока распаўсюджаныя ў беларускім грамадстве.

Яшчэ больш рэзка можна і трэба сказаць і пра беларускія ўлады. Непаслядоўная і прасавецкая культурная палітыка, адмаўленне ідэй беларускага нацыяналізму, амаль непрыхаваны сталінізм адштурхоўваюць вялікую частку моладзі і ствараюць ідэйны вакуум.

Гэты вакуум часта запаўняюць і нацызм, і заходнерусізм, які па ступені антыбеларускасці мала чым ад нацызму адрозніваецца.

Аляксандр Г., belsat.eu

Стужка навінаў