ДНР патрабуе ад Украіны цягам содняў вызначыць тэрыторыі з асаблівым статусам


Менскія дамоўленасці могуць быць сарваныя, калі Вярхоўная Рала Украіны да 14 сакавіка не вызначыць спіс раёнаў Данбасу, на якія распаўсюджваецца асаблівы парадак самакіравання.

ДНР можа адмовіцца ад замірэння. Пра гэта заявіў прадстаўнік самаабвешчанай рэспублікі Дзяніс Пушылін, піша «Interfax».

«Неад’емнай часткай комплексу мераў па выкананні менскіх дамоўленасцяў з’яўляецца палітычнае ўрэгуляванне. Яно мае канкрэтную пакрокавую храналогію. Вярхоўная Рада мусіць прыняць спіс раёнаў, у адносінах да якіх будзе прыняты асаблівы статус. У выпадку, калі такое рашэнне не будзе прынятае праз 24 гадзіны, усяму свету стане відавочна, што Кіеў не збіраецца прытрымлівацца дарожнай карты пад гарантыяй кіраўнікоў Расеі, Нямеччыны і Францыі і, адпаведна, не хоча палітычнага, то бок мірнага ўрэгулявання канфлікту», – заявіў Пушылін.

Згодна з менскімі дамоўленасцямі, пастанову пра вызначэнне межаў тэрыторыяў Данбасу, дзе будзе ўведзенае мясцовае самакіраванне, украінскі парламент мусіў прыняць цягам 30 дзён з дня падпісання дакументу, то бок да 14 сакавіка.

12 сакавіка ў Адміністрацыі прэзідэнта Украіны заявілі, што Вярхоўная Рада можа ўхваліць адпаведную пастанову на наступным тыдні, піша Espreso.tv.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары