«ДНР» і «ЛНР» хочуць уплываць на канстытуцыйную рэформу ва Украіне


Заўтра ў Менску плануецца пасяджэнне падгрупы па палітычных пытаннях кантактнай групы па Украіне.

Асноўныя палітычныя рознагалоссі паміж канфліктуючымі бакамі ў Данбасе выклікае пытанне «асаблівага статусу асобных раёнаў Данеччыны і Луганшчыны», а таксама планы сепаратыстаў па правядзенні мясцовых выбараў: «ДНР» мае намер зладзіць іх 18 кастрычніка, «ЛНР» – 1 лістапада.

>>> Чытай таксама: Дзяржава ўнутры дзяржавы. Чаго хочуць сепаратысты?

З пункту гледжання прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік, гэтым яны пацвярджаюць аднабаковае выкананне менскіх пагадненняў. «Тыя дамоўленасці, якія былі падпісаны кіраўнікамі нашых рэспублік, выконваюцца толькі з нашага боку. Мы сапраўды разумеем, што трэба праводзіць выбары ў мясцовыя органы ўлады, як гэта было прапісана ў комплексе мер», – цытуе прадстаўніка «ДНР» Дзяніса Пушыліна Данецкае агенцтва навін.

Тым часам прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў правядзенне мясцовых выбараў у Данбасе атакай Расеі на менскія дамоўленасці.

«Спроба правесці 18 кастрычніка 2015 года незаконныя, не ў адпаведнасці з менскімі дамоўленасцямі, не ў адпаведнасці з украінскім заканадаўствам і крытэрыямі АБСЕ фейкавыя выбары будзе азначаць жорсткую атаку Расейскай Федэрацыі на менскія дамоўленасці, якія былі дасягнуты 12 лютага гэтага года», – заявіў Парашэнка 2 ліпеня ў Львове на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў