Дмытро Яраш стварае новы патрыятычны рух Украіны

video

Лідар украінскага «Правага сектару» абвясціў аб стварэнні новага руху «без маргінальнага радыкалізму і ліберальнай дэмагогіі».

Разам са сваёй камандай Дмытро Яраш выходзіць з «Правага сектару» і ініцыюе стварэнне новага грамадска-палітычнага руху, устаноўчы зʼезд якога запланаваны на люты. Пакуль Дмытро Яраш і яго паплечнікі працуюць над канцэпцыяй дзейнасці і праграмнымі момантамі руху.

«Цяпер надышоў час засяродзіцца на дзяржаўных рэчах. Наш рух вырас, адужэў і пераходзіць на новы этап свайго развіцця. Цяпер мы хочам паўстаць не як вузка-функцыянальны, а як агульнанацыянальны патрыятычны рух, з мэтай абʼяднаць усіх патрыётаў Украіны. Без радыкалізму на мяжы з маргінальнасцю, але і без ліберальнай дэмагогіі », – гаворыцца ў звароце Дмытра Яраша.

Задача руху – захаваць існуючую ўкраінскую дзяржаву як плацдарам для атрымання нацыянальнай дзяржаўнасці і правесці рэвалюцыйныя змены, якія забяспечаць украінскі народ свабодай, справядлівасцю і дабрабытам.

Як адзначае Дмытро Яраш, разам з паплечнікамі, ён не адмаўляецца ад рэвалюцыйнага шляху, але выступае «катэгарычна супраць псеўдарэвалюцыйнай дзейнасці, якая пагражае існаванню дзяржавы Украіна і зачарняе рэпутацыю патрыётаў».

Добраахвотны Украінскі корпус «Правы сектар», які абараняў Пескі, аэрапорт Шырокіна, будзе рэарганізаваны ў Добраахвотнае Украінскае войска. Яно будзе адной са структураў новага руху.

НМ, belsat.eu, паводле sectorpravdy.com

Глядзі таксама
Каментары