Для ўвядзення ўзброенай місіі на Данбасе АБСЕ можа звярнуцца да Беларусі – эксперт


Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін тлумачыць, навошта ўзброеная місія АБСЕ на ўсходзе Украіны і які быў бы давер да беларускіх міратворцаў, калі б яны апынуліся на лініі фронту.

Zrzut ekranu 2016-05-24 o 11.18.53

«Нармандская чацвёрка» падтрымала паліцэйскую місію АБСЕ на Данбасе. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі. У сваю чаргу кіраўнік гэтак званай ДНР даў зразумець, што сепаратысты не надта цешацца магчымаму зʼяўленню ўзброеных міратворцаў. Ці магчыма рэалізаваць ініцыятыву ў такіх умовах і як яна будзе выглядаць? Каментуе вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

Аляксандр Алесін: Увогуле я лічу, штогэта правільнае рашэнне. Уся справа ў тым, што бакі спрабуюць па лініі судакранання метадам «паўзучай агрэсіі» адваяваць адзін у аднаго статэгічна выгадныя пазіцыі. І, вядома, каб не даваць ім сутыкацца наўпрост, патрэбная разʼяднальная місія міжнароднай арганізацыі, якая мае мандат ААН.

То бок каб паміж імі былі сілы трэцяга боку і каб адлегласць была такая, каб яны не маглі дасягаць пры дапамозе сярэдніх калібраў, улічваючы, што самая гадкая зброя, якая ўжываецца, – гэта мінамёт 120 мм. Місія патрэбная, каб была лінія разʼяднання хоць бы на адлегласці 5–10 км і каб яна была запоўненая міратворцамі. Але тут вось што: патрэбная згода абодвух бакоў і абодва бакі мусяць выконваць рашэнне не дапускаць правакацыі супраць міратворцаў. А так гэта ідэя правільная, і ў свой час Лукашэнка прапаноўваў увесці кантынгент Беларусі ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Пры гэтым гаворкі не вядзецца пра расейскі кантынгент, вядома.

Belsat.eu: Вы кажаце, што патрэбная згода абодвух бакоў. І прадстаўнікі гэтак званай ДНР ужо заявілі, што не хацелі б бачыць узброеных прадстаўнікоў АБСЕ. Ці рэальна ў такой сітуацыі зрэалізаваць усе гэтыя планы?

Алесін: У такім выпадку трэба весці перамовы, калі не будзе згоды, то гэтая місія немагчымая.

Belsat.eu: Калі паліцэйская місія АБСЕ ўсё ж будзе ўведзеная, якія ў яе тады будуць функцыі?

Алесін: Яны будуць павінныя назіраць за выкананнем пагаднення аб разʼяднанні, каб у гэтую зону не траплялі вайскоўцы, узброеныя незаконныя фармаванні з абодвух бакоў. Каб там не было супрацьпраўнай дзейнасці, марадзёрства, рабаванняў і г.д. і каб абодва бакі адвялі цяжкае ўзбраенне ад лініі судакранання на вызначаныя месцы. То бок гэта назіральная місія, зброя толькі для самаабароны.

Belsat.eu: А калі ў гісторыі яшчэ былі прыклады выкарыстання ўзброенай місіі АБСЕ?

Алесін: АБСЕ нячаста выкарыстоўвае такую захаду, гэта, можа, ледзь нават не першы такі выпадак. Я не магу ўзгадаць.

Belsat.eu: Вы казалі пра заявы Лукашэнкі аб ўвядзенні беларускіх міратворцаў. Ці можна было б такое ўявіць, каб прадстаўнікі Беларусі са зброяй зʼявіліся ў зоне баявых дзеянняў? І ці быў бы да іх давер з боку абодвух бакоў? Або тыя словы – толькі папулізм кіраўніка нашай краіны?

Алесін: Я думаю, што да беларускіх міратворцаў, казахскіх быў бы найбольшы давер супрацьлеглых бакоў. Ну ці да міратворцаў з Цэнтральнай Азіі, з Узбекістану.

Вялікіх вайсковых сілаў яны, вядома, з сябе не ўяўляюць, але гарантую, што давер да іх быў бы вялікі. Гэта дзякуючы ўзважанай пазіцыі і Беларусі, і Казахстану. Я не выключаю, што АБСЕ можа звярнуцца і да гэтых краінаў.

У нас ёсць ёсць, апроч АДКБ, міратворчая рота, якая ўвогуле можа аўтаномна па мандаце ААН выконваць нейкія місіі. Гэта падрыхтаваная міратворчая рота паводле праграмы «Дзеля міру», у якой мы былі разам з NATO. Яна падрыхтаваная паводле стандартаў NATO, яны валодаюць англійскаю мовай, у іх ёсць адпаведнае аснашчэнне і абсталяванне, яны сумяшчальныя ва ўпраўленні з кантынгентамі NATO. Таму яны могуць выконваць місіі ў межах партнёрства «Дзеля міру» і ў межах місіі паводле мандату ААН. Гэта абсалютна беларуская міратворчая рота, якая не ўваходзіць у склад сілаў АДКБ.

Belsat.eu: То бок яны маглі б выконваць місію і пад эгідай АБСЕ?

Алесін: Лёгка.

То бок калі АБСЕ звернецца да Беларусі і будзе згода, то гэтую роту можна выкарыстоўваць. Ёсць прававая база, людзі, абсталяванне і абмундзіраванне – усё ёсць.

Гутарыў Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў