Для грузінаў адменяць візавы рэжым з Еўразвязам


За бязвізавы рэжым для Грузіі прагаласаваў Еўрапарламент. Жыхары гэтай краіны змогуць свабодна наведваць краіны Шэнгенскай зоны.

За адмену візавага рэжыму прагаласавалі 553 дэпутата Еўрапарламента з 647. Супраць былі 66 чалавек, у прыватнасці, еўрадэпутаты ад Вялікай Брытаніі і Галандыі, які палічылі рашэнне заўчасным. Устрымаліся – 28. Раней прэмʼер-міністр Грузіі Георгій Квірыкашвілі назваў планаваную адмену віз гістарычнай падзеяй.

Дакладчык у справе Грузіі Марыя Габрыэль разлічвае, што бязвізавы рэжым пачне дзеяць ад канца сакавіка. Да гэтага часу трэба вырашыць шэраг тэхнічных пытанняў.

«Грузіны, у якіх ёсць біяметрычны пашпарт, будуць мець права на ўезд у ЕЗ без візы на 90 дзён на працягу 180 дзён. Гэта датычыць дзелавых, турыстычных або сямейных паездак, але не датычыць працы», – удакладніла яна.

Еўрапарламентарыі адзначылі, што ў выпадку выяўлення парушэнняў (на выпадак некантралюемага прытоку з іх тэрыторыі мігрантаў і ўцекачоў) Еўразвяз задзейнічае механізм па прыпыненні візавага рэжыму Грузіі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў