«Deutsche Welle» патрабуе неадкладна вызваліць свайго беларускага карэспандэнта Паўлюка Быкоўскага


8 жніўня медыякампанія «Нямецкая хваля» (Deutsche Welle) накіравала амбасадару Беларусі ў Нямеччыне пратэст у сувязі з затрыманнем карэспандэнта рускай рэдакцыі DW і запатрабавала ягонага неадкладнага вызвалення.

DW чакае, што ў дачыненні да акрэдытаваных у Беларусі журналістаў будзе ўжывацца «падыход, заснаваны на прынцыпах прававой дзяржавы», піша dw.com.

Карэспандэнт «Deutsche Welle» Паўлюк Быкоўскі, да якога раніцай 8 жніўня прыйшлі з ператрусам, цяпер знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна. Яго затрымалі на 72 гадзіны.

Паўлюк Быкоўскі быў затрыманы па «справе БелТА. СК расследуе крымінальную справу (арт. 349) аб незаконным доступе да платнага кантэнту дзяржаўнага агенцтва БелТА.

7 і 8 жніўня ў офісах TUT.BY, БелаПАН адбыліся ператрусы.

7 жніўня былі затрыманыя 10 журналістаў і рэдактараў TUT.BY і БелаПАН: Тацяна Каравянкова, Андрэй Серада, Ганна Калтыгіна, Людміла Чэкіна, Ульяна Бабаед, Марына Золатава, Галіна Уласік, Дзмітрый Бобрык, Ганна Ермачонак, Яўгенія Беразюк. Палову з іх адпусцілі ўвечары.

8 жніўня СК затрымаў 3 журналістаў парталу Realt.by (Ігар Хмара, Марыя Сарока, Алена Маслоўская) і галоўнага рэдактара гэтага выдання Уладзіслава Кулецкага, а таксама рэдактара сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксея Жукава і карэспандэнта «Deutsche Welle» Паўлюка Быкоўскага.

8 жніўня прэсавы сакратар генеральнага сакратара Рады Еўропы адрэагаваў на затрыманні журналістаў рэдакцыяў TUT.BY і БелаПАН. У заяве чыноўніка гаворыцца, што інфармацыя пра ператрусы і арышты «выклікае моцную заклапочанасць Рады Еўропы».

ЮВ, belsat.eu, паводле dw.com

Глядзі таксама
Каментары