Дэпутаты падтрымалі прапанаваныя Пуціным папраўкі да пенсійнай рэформы. Каля будынку Дзярждумы – пратэсты


У другім чытанні законапраекту аб пенсійнай рэформе расейская Дума прыняла папраўкі прэзідэнта РФ. У выступе 29 жніўня Уладзімір Пуцін прапанаваў перанесці узрост выхаду на пенсію ў жанчынаў на 60 гадоў замест раней агучаных кабмінам 63. Рашэнне прынялі аднагалосна.

Для мужчын планка выхаду на заслужаны адпачынак ўсталяваная на адзнацы 65 гадоў.

«Ёсць тое, што нас аб’ядноўвае. Мы ў гэтым пытанні з вамі знайшлі кансенсус, і ўсе падтрымалі папраўкі прэзідэнта», – заявіў па выніках галасавання спікер Вячаслаў Валодзін.

 

Адначасова з разглядам зменаў у пенсійным заканадаўстве пад будынкам Дзярждумы прайшлі акцыі пратэсту, у тым ліку серыя адзіночных пікетаў. Паводле апазіцыянера, каардынатара «Левага фронту» Сяргея Удальцова, яшчэ да пачатку галасавання ля будынка парламенту сабралася каля 500 нязгодных. На момант публікацыі інфармацыі пра затрыманых не паступала.

Своеасаблівую акцыю пратэсту зладзілі і дэпутаты фракцыі КПРФ. Валерый Рашкін і Дзяніс Парфёнаў прыйшлі на разгляд паправак у футболках з перакрэсленымі лічбамі 63 і 65, якія абазначаюць узрост выхаду на пенсію.

Дэпутат Сяргей Панцялееў, лідар Камуністычнай партыі Расеі Генадзь Зюганаў, дэпутаты Дзяніс Парфёнаў і Валерый Рашкін на пленарным пасяджэнні Дзяржаўнай Думы РФ. Фота Forum/Anton Novoderezhkin/TASS

«Калегі, думаю, на заробак дэпутата можна пінжак купіць і гальштук таксама, у нас заработная плата вышэй нашмат, чым у тых, хто нас выбіраў, ва ўсіх, хто ў зале, заробак дазваляе купіць касцюм і гальштук», – так на акцыю калег адрэагаваў Валодзін.

Шматлікія пратэсты супраць пенсійнай рэформы ў Расеі працягваюцца з чэрвеня. Апошняя прайшла 9 верасня.

Не падтрымліваюць змены пенсійнага ўзросту каля 70% расейцаў. Апытанні Левада-цэнтру паказваюць, што больш за палову грамадзянаў гатовыя выйсьці на вуліцы.

ЛБ, belsat.eu

Стужка навінаў