Дэпутату Мастоўскага райсавету няма чаго распавесці выбарнікам


Актывіст Алег Пронскі запатрабаваў ад дэпутата Мастоўскага райсавету Анатоля Панасевіча даць справаздачу аб ягонай дэпутацкай дзейнасці за 6 месяцаў. Што ж адказаў «выбраннік народу»?

Актывісты кампаніі «Грамадзянская Гарадзеншчына» інфармуюць жыхароў рэгіёну аб тым, што яны маюць законнае права звяртацца да ўладаў і ва ўстановы з важнымі для іх праблемамі і пытаннямі, а прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў маюць законнае права патрабаваць ад дэпутатаў зрабіць справаздачу аб сваёй дэпутацкай дзейнасці на карысць рэгіёну і выбарнікаў.

Звярнуўшыся да дэпутата Панасевіча з Галубоўскай выбарчай акругі № 13 Мастоўскага райсавету з просьбаю прадставіць вынік сваёй працы, адзін з ініцыятараў кампаніі Алег Пронскі атрымаў адказ: «З пытаннем аб справаздачы Вам неабходна звяртацца да дэпутата той выбарчай акругі, на тэрыторыі якой Вы пражываеце».

[vc_single_image image=”346796″ img_size=”large”]

«Для нас важна, каб жыхары рэгіёну былі грамадзянамі, а таксама мелі большы ўплыў на пастановы ўладаў і мясцовую палітыку ў тых пытаннях, якія іх закранаюць, і праблемах, якія іх хвалююць, – заўважыў спадар Пронскі. – Я – сябра грамадскага аб’яднання Рух «За Свабоду», а кантроль мясцовай улады з’яўляецца адной з мэтаў Руху. Гэтак званыя «народныя абраннікі» зараз проста адпісваюцца, бо не маюць чаго сказаць, бо нічога з моманту сакавіцкіх выбараў-2014 у Саветы яны не зрабілі».

Падчас выбараў улады не зарэгістравалі ў Мастоўскі райсавет ніводнага альтэрнатыўнага кандыдата ў дэпутаты, а цяпер «прызначаныя» дэпутаты не вырашаюць праблемаў выбарнікаў і пішуць адпіскі, адзначыў прадстаўнік кампаніі.

Грамадскія актывісты заяўляюць, што ў рамках кампаніі «Грамадзянская Гарадзеншчына» працягнуць дамагацца ад мясцовай улады шанаваць правы і законныя інтарэсы грамадзянаў рэгіёну.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў