Дэпутатка Канапацкая пойдзе ў парламент пад бел-чырвона-белым сцягам


Ганна Канапацкая прыйшла ў парламент з дакладна вызначанымі мэтамі. Першачарговая – дэмакратычныя змены.

«Свабодныя і сумленныя выбары – гэта аснова незалежнасці дзяржавы. Гэта адказнасць чыноўнікаў перад выбаршчыкамі. Калі дэпутат або чыноўнік будзе адчуваць адказнасць і магчымасць свайго сыходу з наседжанага месца, тады прыйдзе сапраўдная адказнасць уладаў, якая дапаможа змяніць жыццё ў краіне», – пераконвала апазіцыйная дэпутатка.

«Нам патрэбен выразны падзел уладаў»

Ганна Канапацкая – юрыстка і эканамістка, бізнесоўца. Спецыфіка ейнай адукацыі ды дзейнасці схіляе дэпутатку да выбару сферы працы ў парламенце.

«Я б больш бачыла сябе ў камісіі па эканамічным развіцці, бо там будуць падымацца тыя вострыя пытанні, якія турбуюць мяне як чалавека, які атрымаў мандат. Гэта і праца ІП, і прыцягненне ў краіну інвестыцыяў. Дакладней, стварэнне ўмоваў, якія б прывялі да прыцягнення інвестыцыяў», – зазначыла спадарыня Канапацкая.

Аднак ніякіх станоўчых зменаў не адбудзецца, пакуль у краіне не будзе панаваць закон, упэўненая дэпутатка.

«Нам патрэбен выразны падзел уладаў. Нам патрэбна незалежная судовая ўлада. І нам трэба выкараніць вялізарную колькасць кантрольных органаў», – дадала Ганна.

Ці атрымаецца ў дэпутаткі нешта змяніць?

Бадай, асноўнае, чым давядзецца займацца Канапацкай, – выпраўляць памылкі цяперашніх уладаў. А іх шмат – падкрэсліваюць у Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

«Эканамічная сітуацыя жахлівая, за два гады ВУП зменшыўся на Br 30 млрд. Гэта азначае, што эканамічная палітыка неэфектыўная, што мы ў тупіку», – упэўнены Анатоль Лябедзька, старшыня АГП.

Вядома, любую ініцыятыву з Палаты прадстаўнікоў можа заблакаваць кіраўнік краіны. Лукашэнка ж неаднаразова спісваў свае няўдачы на парламент або апазіцыю. Таму Канапацкую чакаюць сурʼёзныя выпрабаванні – і як дэпутаткі і як прадстаўніцы апазіцыйнай партыі.

Максім Кот, «Белсат»

Стужка навінаў