Дэпутат Еўрапарламенту Амджад Башыр: Хай мусульмане палюбяць Захад


Што канкрэтна можа зрабіць Еўропа супраць пагрозы ісламскага тэрарызму? «Белсат» паразмаўляў з прадстаўніком мусульманскай грамады Вялікай Брытаніі і дэпутатам Еўрапарламенту Амджадам Башырам.

Ці ўсведамляюць, на Вашую думку, сёння ў Еўразвязе, небяспеку, якую нясе «Ісламская Дзяржава»?

Не думаю, што яны гэта ўсведамляюць. І ўпэўнены ў тым, што ў Еўразвязе моцна недаацэньваюць гэтай пагрозы. І ўжо шмат часу ў развязанні гэтай праблемы ўпусцілі. Раней лічылася, што шмат якія пытанні здымуцца, калі людзей проста заклікаюць меней ездзіць за мяжу, найперш у мусульманскія краіны. Але гэтым праблемы не развязаць. Трэба шукаць і вырашаць сапраўдныя прычыны непаразумення паміж мусульманскім і немусульманскім светам. Вядома, нічога не можа апраўдаць тэрарыстычных актаў у Францыі, бо яны амаральныя, яны жудасныя, яны крымінальныя. Але, каб яны не паўтарыліся зноў, ужо цяпер трэба шукаць і знаходзіць прычыны, якія да іх прывялі.

А якія гэтыя прычыны? Што і хто стаіць за гэтымі тэрарыстычнымі актамі?

Прычыны, чаму гэтыя ў бальшыні маладыя мужчыны і часам жанчыны здзяйсняюць такія акты, маюць збольшага палітычную афарбоўку. Мы жывем цяпер, калі можна так выказацца, у глабальнай вёсцы. Амаль кожную хвіліну мы можам глядзець навіны праз тэлебачанне. І што ў ім бачаць, напрыклад, маладыя мусульмане? Тое, што іх вельмі расстройвае, часам нават «аглушае», уводзіць у стан фрустрацыі. Напрыклад, незаконная акупацыя Іраку, якая мела месца не гэтак даўно, у выніку якой загінулі тысячы і тысячы нявінных людзей. Яны, маладыя мусульмане, былі шакаваныя гэтаю акупацыяй.

А што Еўрапейскі Звяз, асобна ўзятыя дзяржавы, наагул свет можа сёння супрацьпаставіць «Ісламскай Дзяржаве»?

На маю думку, мы мусім змяніць свой падыход у гэтым пытанні на больш актыўны. Найперш гэта датычыць працы з моладдзю, з мусульманскаю моладдзю, – сёння і ў будучым. Больш актыўна ўцягваць іх у жыццё грамадства, дапамагаць паспяхова інтэгравацца, не перашкаджаць актыўна наведваць мячэці. І, адначасова, рабіць захады ў зачыненні каналаў іхнай сувязі з радыкальнымі экстрэмістамі, ды, найперш, з Блізкага Усходу. Асабліва з тымі, хто ўцягнуты цяпер у «тэатр вайны» там, на Блізкім Усходзе. Мы мусім спыніць гэтыя кантакты! І мы мусім уцягваць мусульманскую моладзь больш актыўна ў еўрапейскае грамадскае жыццё – у тым ліку, у школах і ва ўніверсітэтах, у якіх яны вучацца. І ў тым ліку з дапамогаю папулярнага цяпер інтэрнэту. Рабіць еўрапейскае грамадства больш станоўчым для іх, ствараць для мусульманскай моладзі больш пазітыўную атмасферу ў Еўропе. З тым, каб яны палюбілі Захад і яго каштоўнасці. І каб спыніць тыя рэаліі, калі, напрыклад, толькі з Вялікай Брытаніі на вайну ў Сірыю ды Ірак апошнім часам выехалі больш за 600 маладых мусульманаў. Таксама шмат паехала туды і з Францыі, і з Нямеччыны, і з Нідэрландаў, нават з Швецыі.

Вяртаючыся да нядаўніх падзеяў у Парыжы: цяпер чуваць, што французскія журналісты самыя справакавалі тое, што адбылося. Маўляў, друкавалі правакацыйныя карыкатуры на прарока Мухамэда, і, дарэчы, працягваюць іх зноў друкаваць, гуляючы, як мяркуюць некаторыя, на пачуццях мусульманаў…

Па-першае, адзначу, што карыкатурыстаў з «Charlie Hebdo», на маю думку, нельга назваць журналістамі. Яны друкуюць карыкатуры, часам вельмі правакацыйныя. Ім варта, як я мяркую, было б быць больш чуллівымі да пачуццяў людзей мусульманскае веры. У карыкатурах, не толькі гэтага выдання, і даволі часта, варта прызнаць, абражаюць мусульманскі свет. Мусульмане самыя ніколі не малююць на карыкатурах прарока Мухамэда. Ні ў якім кантэксце. А тым больш у абразлівым, як гэта было зроблена ў французскім выданні. Таму, відавочна, публікацыя была актам правакацыі. Я веру ў свабоду прэсы! Але думаю, што ўсё ж існуюць пэўныя межы. Трэба быць у тым, што ты робіш, чуллівым да іншых.

Але паўтаруся зноў і зноў: няма і не можа быць апраўдання тым жудасным актам тэрарызму, калі адзін адбірае жыццё ў другога. І ў тым ліку гэтых карыкатурыстаў. Ніхто не мае права адабраць жыццё ў іншага чалавека, бо жыццё даецца кожнаму з нас звыш, Богам. Іслам на гэты конт гаворыць: калі ты адбіраеш жыццё ў аднаго чалавека, гэта тое ж самае, што ты адбіраеш жыццё ў цэлай нацыі. Жыццё вельмі каштоўнае. І яно дадзенае Богам. І таму толькі ён, Бог, мае права яго забраць. Ніякі іншы чалавек такога права не мае. Мусульмане таксама мусяць ведаць гэта.

Пасля тэрактаў у Францыі, напрыклад, у Нямеччыне і ў Бельгіі былі зробленыя новыя захады бяспекі, арыштаваныя тэрарысты. Што мусіць быць зроблена ў найбліжэйшай будучыні ў Еўропе?

Я думаю, гэта найперш, як я ўжо адзначыў, актыўная праца з мусульманскаю моладдзю, уцягванне яе ў грамадскае жыццё. У шырокім сэнсе гэтага слова. Нам таксама трэба, застаючыся грамадствам, для якога важная свабода – свабода выказвання думкі, свабода сходаў, свабода выказваць свой пратэст, свабода перамяшчэння і падарожжаў, усе іншыя свабоды дэмакратычнага грамадства, якія трэба захоўваць і шанаваць, але ўсё ж паспрабаваць усвядоміць тое, што жывем мы цяпер у крышачку іншыя часы. У часы, у якіх з’явіліся новыя, невядомыя нам раней, пагрозы ды небяспека, трэба дзяржаве, адпаведным органам выяўляць і сачыць за людзьмі, якія ствараюць пагрозу для нас. Мы мусім зразумець, а дзяржава мусіць нас у гэтым падтрымаць, што папярэджанне тэрарызму, яго перадухіленне – найважнейшая частка барацьбы з ім. З тым, каб не ўзнікала новых актаў тэрарызму, мы мусім больш уважліва сачыць за ўсімі магчымымі яго крыніцамі. Каб не даваць існым і патэнцыйным тэрарыстам нават падымаць сваю галаву. Я – за тое, каб дзяржава больш уважліва сачыла за ўсімі пагрозамі, пры гэтым пакідаючы нам права заставацца свабоднымі ў грамадстве.

АС, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары