Дэмакратычныя прафсаюзы збіраюцца правесці 1 траўня «Марш салідарнасці»


Сёння, 13 красавіка, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў падаў у Менгарвыканкам заяўку на правядзенне «Марша салідарнасці». Як паведаміў Белсату старшыня БКДП Аляксандр Ярашук, збор удзельнікаў акцыі пачнецца на пляцоўцы ля Акадэміі Навук пасля чаго адбудзецца шэсце да плошчы Бангалор.

«Марш будзе мець сацыяльны характар. Мы яго разглядаем як працяг акцый 17 лютага і 15 сакавіка ў Менску, а таксама акцый у рэгіёнаў. Мы будзем патрабаваць павышэння заробкаў, стварэння новых працоўных месцаў, адмены дэкрэтаў №3, 5 і 29», – адзначыў ён.

Ярашук ацэньвае верагоднасць дазволу Менгарвыканкамам «Марша салідарнасці», як вельмі высокую.

Раней Мікалай Статкевіч аб’явіў аб намеры правесці 1 траўня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску масавую акцыю пратэсту.

Ярашук лічыць аптымальным менавіта свой фармат акцыі пратэсту на 1 траўня. Паводле ягоных слоў, ён двойчы запрашаў на аргкамітэт па правядзенню «Марша салідарнасці» Мікалая Статкевіча, але той так і не прыйшоў. Лідар прафсаюзаў спадзяецца, што двух апазіцыйных акцыі ў гэты дзень ўсё ж не адбудзецца і дэмакратычныя сілы адзначаць 1 траўня кансалідавана.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў