Дэлегацыя ЕЗ у Менску асудзіла дзеянні ўладаў Беларусі


Дзеянні ўладаў Беларусі ў кантэксце падзей апошняга часу супярэчаць заяўленай палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязацельствам. Да такой высновы прыйшла дэлегацыя ЕЗ, якая ўдзельнічала 3–4 красавіка ў Менску ў трэцім раўндзе сустрэч каардынацыйнай групы ЕЗ – Беларусь.

Дэлегацыя Еўразвяза таксама згадала пра «прэвентыўныя арышты напярэдадні і вялікую колькасць арыштаў і затрыманняў мірных дэманстрантаў 25 сакавіка».

Дэлегацыю ЕЗ узначальваў выканаўчы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе вонкавых дзеянняў Томас Маер-Хартынг. Дэлегацыю Беларусі ачольваў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.

«На ўсіх сустрэчах дэлегацыя Еўрапейскага звязу адзначала, што канкрэтныя і незваротныя захады з боку Беларусі да забеспячэння ўніверсальных фундаментальных свабодаў, у тым ліку свабоды выказвання, сходаў і СМІ, а таксама вяршэнства права і правоў чалавека, у тым ліку адмена смяротнага пакарання, застануцца ключавымі пры фармаванні будучай палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі і адносін ЕЗ з гэтай краінай», – падкрэслілі ў прадстаўніцтве.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў