Дэлегацыя ПАРЕ прыехала ў Менск, каб ацаніць палітычны клімат напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў


Сёння пачынаецца візіт у Беларусь дэлегацыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Дэлегацыю ў складзе пяці членаў узначаліць турэцкі дэпутат Рэа Дэнемеч. У яе склад таксама ўваходзяць дэпутаты Ёнас Гунарсан (Швецыя), Марылуіза Бек (Германія), Андрэй Гунько (Германія) і Андрэа Рыгоні (Італія), перадае belapan.by.

Раней меркавалася, што ў склад дэлегацыі ўвойдуць шэсць членаў ПАРЕ і ўзначаліць яе армянскі дэпутат Арпінэ Аванісян. Аднак, як паведамілі belapan.by у прэс-службе ПАРЕ, 4 верасня Хаванісян была прызначаная міністрам юстыцыі Арменіі, у сувязі з чым фармат дэлегацыі прыйшлося змяніць.

На 8–9 верасня запланаваныя сустрэчы дэлегацыі ПАРЕ са старшынямі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. Члены ПАРЕ таксама сустрэнуцца з асноўнымі ўдзельнікамі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі або іх прадстаўнікамі, лідарамі апазіцыі, кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі, прадстаўнікамі СМІ.

Візіт прадстаўнікоў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы працягнецца да 10 верасня, а праз месяц дэлегацыя ПАРЕ ў складзе 11 чалавек вернецца ў Беларусь, каб назіраць за выбарамі непасрэдна ў дзень галасавання.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў