Дэкрэт супраць «дармаедаў» амаль гатовы


Аляксандр Лукашэнка патрабаваў ад чыноўнікаў дапрацаваць праект дэкрэта яшчэ да сярэдзіны лютага. Сёння дакумент «практычна ў стадыі завяршэння».

Пра «амаль гатовасць» паведаміла намесніца прэм‘ера Наталля Качанова. «Дакумент дапрацоўваецца і бліжэйшым часам будзе прадстаўлены кіраўніку дзяржавы», – сказала чыноўніца.

На ейную думку, многія недаацэньваюць тое, што дзяржава робіць для сваіх грамадзянаў. «Я лічу, што кожны грамадзянін нашай краіны павінен браць удзел у кампенсацыі тых выдаткаў, якія дзяржава скіроўвае на сацыяльную сферу», – заявіла Качанова.

У студзені падчас нарады ў Аляксандр Лукашэнкі ўжо абмяркоўваўся праект Дэкрэта, аднак дакумент не задаволіў кіраўніка дзяржавы. Для чыноўнікаў ён акрэсліў і сваё бачанне «дармаеда». «Гэта дармаеды, якія нічога не робяць, не працуюць, а можа быць, з’яўляюцца «кліентамі» МУС, бо здзейсняць правапарушэнні. Гэта і тыя, што пад плотам валяюцца п’яныя, і тыя, што забыліся аб тым, што рукі-ногі ў іх дзеля таго, каб прыйсці на працу і штосьці зрабіць, заплаціўшы падаткі дзяржаве», – удакладніў Лукашэнка.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў