Дэкамунізацыя ў Літве: улады хочуць перайменаваць вуліцу Калгасную, жыхары супраць


У Літве чатыры вуліцы носяць назву Калгасная (Kolūkiečių).

Калі ўлады вырашылі пазбавіцца ад такой назвы, то нечакана сутыкнуліся з праблемай.

Супраць такога перайменавання выступілі жыхары вуліцы Калгаснай у Панявежу. Пасля таго як мэр гораду Рыціс Мікалас Рачкаўскас атрымаў тлумачэнне з Дзяржаўнай камісіі па літоўскай мове аб тым, што назва зʼяўляецца савецкім рэліктам, які не адпавядае духу сённяшніх дзён, жыхары Калгаснай атрымалі лісты. У іх змяшчаліся заклікі падумаць ад змене назвы.

Аднак ініцыятыва сустрэла жорсткі супраціў. Жыхары вуліцы напісалі катэгарычны ліст у мэрыю, у якім запэўнілі, што іх цалкам задавольвае жыць на Калгаснай.

Большасць жыхароў тут – людзі сталага веку, звязаныя з вуліцай больш чым паўстагоддзя.

Чытайце таксама >>> Як у БССР адрэагавалі на тое, што літоўцы выступілі супраць савецкай улады ў 1991 годзе?

«Назва вуліцы не азначае, што мы маем настальгію па калгасах. Проста прывыклі да яе», – патлумачыў адзін з мясцовых.

Пару гадоў таму, падчас аналагічнай спробы пазбавіцца ад савецкага слова ў адрасе, людзі адстаялі сваё права жыць на Калгаснай. Тады яны тлумачылі, што ў выпадку зменаў ім прыйдзецца выдаткаваць шмат часу і грошай на перарэгістрацыю дакументаў, у тым ліку на дамы і на аўты.

У іншых рэгіёнах Літвы, як і ў Панявежы, жыхары таксама не хочуць мяняць назву вуліцы, якая нагадвае савецкае мінулае.

НМ, belsat.eu, паводле Delfi.lt, lrytas.lt

Стужка навінаў