Дэградацыя ў войску і міліцыі. Што знішчае беларускіх сілавікоў?


Беларускія армія і спецыяльныя службы перажываюць цяжкі крызіс, мяркуе кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. На штогадовай канферэнцыі памяці міністра абароны БНР генерала Кіпрыяна Кандратовіча быў агучаны аналіз стану беларускіх сілавых органаў.

У мерапрыемстве, якое ў чацверты раз праводзіць беларускі партал «Belarus Security Blog», удзельнічалі таксама эксперты з Украіны, Польшчы, Малдовы і Расеі.

Кадравы заняпад

Нават той, хто з энтузіязмам ідзе служыць у войска, той хто мае добрую матывацыю, сутыкаючыся з рэаліямі і ўмовамі службы, задумваецца, наколькі высокія словы вайсковых і цывільных урадоўцаў пра службу Радзіме адпавядаюць праўдзе.

«З 2011 па 2015 год з арміі пасля першага кантракту звальняліся 49 % маладых афіцэраў. Зараз гэтая колькасць зменшылася, але не варта займацца самападманам – эканамічны крызіс у краіне, людзям часта проста няма куды сыходзіць», – распавёў у дакладзе Андрэй Паротнікаў.

У 2017 годзе з 55 выпускнікоў Сувораўскай вайсковай вучэльні ў Ваенную акадэмію пайшлі толькі 7. З больш чым 500 выпускнікоў кадэцкіх вучылішчаў – толькі 59. Тое ж адбываецца з выпускнікамі падшэфных класаў і сярэдніх навучальных устаноў Міністэрства ўнутраных спраў і Памежнага камітэту.

«Здавалася б моладзь, якая найбольш матываваная для абрання вайсковай кар’еры, яны, пасля кантактаў з арміяй на практыцы, не хочуць туды ісці. Па якой прычыне гэта адбываецца?» – кажа эксперт.

Дрэннае фінансаванне

Уласна сістэма няздольная нармальна арганізаваць службу, не адпавядае сучасным патрабаванням. Пры гэтым, хоць у рыторыцы ўладаў вельмі шмат пра абарону і бяспеку, аднак на самой справе дзяржаўны бюджэт аддае на нацыянальную бяспеку даволі нізкі адсотак сродкаў.

«У сярэднім 75% сродкаў бюджэту ідуць на ўтрыманне асабовага складу. То бок на ўсё астатняе – баявую падрыхтоўку, даследванні, развіццё інфраструктуры, пакупку тэхнікі – застаюцца гэтыя 25%», – кажа Паротнікаў.

Беларускія курсанты

Ёсць таксама нейкае фінансаванне з пазабюджэтных крыніцаў, абʼём дакладна невядомы, аднак у любым выпадку яго не хапае для пакрыцца тых правалаў, якія былі за апошнія 2-3 гады.

«Сілавыя структуры ніколі не былі прыярытэтам уладаў. Ім давалі роўна столькі, каб яны выконвалі свае функцыі і радавалі вока. На больш прынцыповыя змены рэсурсаў не было», – кажа Паротнікаў

Сістэма, якая гніе

Праблема беларускіх сілавых структураў – іхная зачыненасць ад грамадства. Чалавеку цяжка давяраць таму, што ён не разумее.

«Зачыненасць з аднаго боку спрашчае жыццё кіраўніцтву, а з іншага хавае ад грамадства негатыўныя тэндэнцыі, якія прысутнічаюць. Такім чынам гэта азначае працяг гніення сістэмы. А тое, што сілавая сістэма Беларусі гніе, пра гэта сведчыць шэраг апублікаваных ускосных дадзеных», – распавядае кіраўнік праекту Belarus Security Blog.

Фота – mil.by

З-за нізкіх заробкаў, дрэнных умоваў службы і хамскага стаўлення да людзей у беларускія сілавыя органы часта не ідуць адукаваныя і здольныя людзі.

Чытайце таксама:

«Калі нехта бачыў загад Міністэрства адукацыі на 2018 год пра прахадныя балы – там прахадным, напрыклад, прызнаецца 6 балаў са 100 магчымых для ВНУ сілавых структур. Умоўна кажучы, на факультэт супрацьпаветранай абароны, дзе патрэбныя фізіка і матэматыка, можа паступіць чалавек, які з цяжкасцю ведае табліцу множання».

Ад алкагалізму да гандлю наркотыкамі

У выніку падзення якасці афіцэраў, у выніку зніжэння ўзроўню адукацыі падае і павагі да законаў з боку сілавікоў. Гэта датычыць ўсіх сілавых структур, хоць некаторыя гэта хаваюць лепей.

«Лукашэнка хваліць Унутраныя войскі, аднак забываецца, што апошнія год пяць барацьба з алкагалізмам, барацьба са спажываннем наркотыкаў і нестатутныя адносіны – неадʼемная частка ўсіх ваенных нарадаў Унутраных войск», – адзначае Паротнікаў.

«Колькасць парушэнняў законнасці ў органах МУС празмерная», – цытуе эксперт словы міністра Міністэрства ўнутраных спраў Ігара Шуневіча з нарады з кіраўніком краіны.

Канцэрт на 100 год КДБ

Інфармацыі пра спецслужбы меней праз іхнюю спецыфіку, але яна ёсць.

«Снежань 2014 года «пацешыў» нас вельмі дзіўнай справай пра распаўсюджванне асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. Сярод 14 затрыманых быў адзін, як сказана, былы супрацоўнік МУС і два былых, як я разумею, яны сталі былымі ў момант затрымання, супрацоўніка КДБ… На момант затрымання як мінімум 10 асобаў пры гэтым знаходзіліся на дзяржаўнай службе. Праўда, пасля гэтага справа знікла з прэсы. Хоць, здавалася б, улада зацікаўленая паказаць свой поспех у змаганні за законнасць», – распавядае Паротнікаў.

«Цуды, канешне, былі розныя. Аднак каб гандлявалі наркотыкамі ды яшчэ стваралі сетку распаўсюду – такога не было ніколі. Такія ўскосныя сведчанні паказваюць карціну дэградацыі ўсёй сістэмы ў цэлым».

Будзе не лепш, чым ва Украіне?

Тыя захады, якія ўжываюцца цяпер унутры сілавых органаў – «умацаванне дысцыпліны», «палепшыць і паглыбіць ідэалагічную працу», «метадычкі пра здаровы лад жыцця» – ужо не дзейнічаюць, лічыць эксперт.

«Сістэма павінна кардынальна змяняцца, а ўнутранага патэнцыялу для гэтага ў яе не бачна. Наадварот, бачнае жаданне закрыцца яшчэ больш, хаваць свае недахопы. Кадравы крызіс настолькі глыбокі, што людзей, якія б маглі змяніць сітуацыю, застаецца ўсё меней», – сказаў Паротнікаў.

Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў падчас анексіі Крыму ў 2014 годзе. Фота wikimedia.org

Няздольнасць пракуратуры і органаў вайсковай контрвыведкі адсочваць сітуацыю ў сілавых органах, што заканчваецца карупцыяй, злачыннасцю сярод сілавікоў, смерцю і катаваннямі жаўнераў праз дзедаўшчыну – гэта вельмі сурʼёзныя рэчы, якія ставяць пытання ўвогуле пра магчымасці беларускай сістэмы нацыянальнай бяспекі.

«Наколькі ў прынцыпе ва ўмовах рэгіянальнай турбулентнасці беларускі сектар бяспекі будзе ў стане вытрымаць вонкавы ўдар? Мы вельмі любім казаць, што ў нас не будзе так, як ва Украіне. Канешне, у нас не будзе так, бо іншыя ўмовы. Але гэта не значыць, што ў нас было б лепей у падобнай сітуацыі», – заключыў Паротнікаў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў