Дэбаты Клінтан vs Трамп. Рэакцыя і галоўныя тэзісы


Дэбаты павінны былі доўжыцца паўтары гадзіны, але пачаліся з невялікім спазненнем і працягнуліся амаль дзве. Сустрэчу падзялілі на тры тэматычныя блокі. Першы быў прысвечаны эканоміцы і дабрабыту амерыканцаў. У другім абмяркоўваліся пытанні расавай напружанасці і ўнутранай бяспекі. Трэці – міжнароднай палітыцы, тэрарызму і кібертэрарызму. Кандыдаты спрачаліся досыць жорстка, часам пераходзячы на асобы.

Пра кібертэрарызм і Расею

Клінтан абвінаваціла Трампа ў заігрыванні з Пуціным і папракнула ў тым, што ён падбухторваў расейскіх хакераў да выкрадання амерыканскіх баз дадзеных.

«Думаю, кібернетычнай бяспекі і кібервайна – гэта самая вялікая праблема для будучага прэзідэнта. Ясна, што перад намі два цалкам розных праціўніка. Незалежныя групы хакераў, якія робяць гэта ў асноўным з камерцыйных меркаванняў, спрабуючы выкрасці інфармацыю дзеля ўзбагачэння. І ўсё больш частыя атакі з боку дзяржаў, дзяржаўных органаў. Самы апошні прыклад і найбольш трывожны – Расея.

Няма сумневу, што Расея выкарыстоўвала кібернетычныя напады супраць цэлага шэрагу арганізацыяў у нашай краіне, і гэта выклікае ў мяне вялікую занепакоенасць. Я ведаю, што Дональд лічыць Пуціна годным пахвалы, але Пуцін ужо даўно гуляе тут у свае жорсткія гульні, і адна з рэчаў, якую ён зрабіў, – ён дазволіў гэтым хакерам улезці ва ўрадавыя дасье, у асабістыя файлы, узламаць сістэму Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі. Мы высветлілі нядаўна, што гэта – адзін з упадабаных метадаў спарадзіць хаос і сабраць інфармацыю».

На што мільярдэр адказаў:

Не думаю, што хтосьці ведае дакладна, што менавіта Расея ўлезла ў сістэму НКД. Яна кажа: Расея, Расея, Расея. Можа быць. Гэта магла быць Расея, а мог быць і Кітай. Гэта магла быць маса іншых людзей, гэта мог быць і нехта ў сваім ложку вагой у 400 футаў, так? Я не ведаю, хто ўзламаў.

Трамп таксама дадаў, што з-за некампетэнтнасці Клінтан на Блізкім Усходзе з’явілася «Ісламская дзяржава».

«Такое адчуванне, што мяне абвінавачваюць сёння ва ўсіх смяротных грахах», – парыруе Клінтан.

Пра эканоміку

Трамп паабяцаў панізіць падаткі, каб працоўная сіла не ўцякала з краіны.

Клінтан абвінаваціла Трампа ў тым, што здабытак дастаўся яму ад бацькі і таму ён выступае за абарону правоў багатых.

«Памятаеце, дзе мы былі восем гадоў таму. У нас быў найгоршы фінансавы крызіс з часоў вялікай рэцэсіі 1930-ых гадоў. У значнай ступені гэта здарылася з-за падатковай палітыкі, якая скараціла падаткі на багацце, не заінвеставаўшы ў сярэдні клас. На самай справе Дональд быў адным з тых людзей, якія вітаў жыллёвы крызіс. Яшчэ ў 2006 ён сказаў «Я спадзяюся, што ўсё рухне, таму што тады я змагу пайсці і купіць і зарабіць на гэтым». Гэта прывяло да калапсу», – сказала яна.

«Гэта называецца бізнес», – адрэагаваў Трамп.

«Але дзевяць мільёнаў чалавек страцілі свае працоўныя месцы. Пяць мільёнаў чалавек страцілі свае дамы, а трынаццаць трыльёнаў долараў сямейных ашчаджэнняў былі знішчаны», – дадала Клінтан.

Вынікі дэбатаў

Было і троху сэксізму ад рэспубліканскага кандыдата. Вядоўца папрасіў мільярдэра пастлумачыць, чаму той заяўляў, што ў Клінтан «непрэзідэнцкі выгляд».

«У яе няма вынослівасці», – заявіў 70-гадовы Трамп.

Клінтан нагадала пра чаргу абразлівых заяў Трампа пра жанчын.

«Гэта чалавек, які называў жанчын свіннямі! Які заяўляў, што цяжарнасць – гэта праблема для працадаўцы», – парыравала яна.

Агулам СМІ сышліся на тым, што Клінтан выйграла дэбаты, бо была больш спакойнай і выглядала больш упэўнена.

Гэта першыя з трох дэбатаў, у якіх паўдзельнічаюць кандыдаты да выбараў 8 лістапада. У асноўным, насельніцтва сярэдніх і буйных гарадоў ЗША выступае за Клінтан. Аднак ужо цяпер зразумела, што выбары будуць напружанымі. Разрыў паміж супернікамі мінімальны. Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, Клінтан на 6% апярэджвае Трампа.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў