Дазвол на жыццё. Як уцекачы шукаюць прытулку ў Беларусі


Нам, беларусам, няпроста ўявіць, як гэта, калі табе пачынаюць пагражаць талібы. Барадатыя «кепскія хлопцы» з калашнікавымі, ваяўнічыя воклічы «Аллаху акбар» – гэта для нас зазвычай толькі карцінка з навінаў ці кіно. Уласна ад такога «кіно» шукае ратунку ў Беларусі сям’я з пяццю дзецьмі. Яны пакуль безвынікова просяць дазволіць ім застацца і жыць у Беларусі.

Новае жыццё

Заманудзін Джамалудзін – бацька пяцёх дзяцей. Ён намагаецца зарабіць на годнае жыццё, а ледзьве хапае на аплату здымнага жытла. Кватэра абыходзіцца ў $ 460. Зняць таннейшую не атрымліваецца. Калі арэндадаўца чуе пра пяцярых дзяцей, узровень яго зацікаўленасці патэнцыйнымі наймальнікамі хутка набліжаецца да нуля.

– Адна жанчына, у якой мы збіраліся здымаць кватэру, адмовілася, калі мы ўжо прыехалі засяляцца. Гаспадыня сказала, што не можа даць ключ, бо ён у вёсцы.

Мы размаўляем з 13-гадовай Марыянай, якая лепш за ўсіх у сям’і ведае расейскую мову.

Пяць дзён сям’я жыла ў знаёмых у двухпакаёўцы, у якіх таксама пяцёра дзяцей, пакуль не знайшлі іншы варыянт. Аднак і на другі раз без праблем не абышлося. У дамове аб арэндзе жытла сям’я не ўказала імёны дзяцей.

– Калі гаспадар дазнаўся пра тое, што дзяцей пяцёра, сказаў даплаціць яшчэ $ 100. То бок агулам $ 500 у месяц, – кажа Марыяна. – Мы пагадзіліся, не ісці ж на вуліцу. Гаспадар сказаў, што нават з такім коштам пагаджаецца толькі на месяц здаць нам у арэнду жытло. Даў падпісаць адпаведныя паперы. Бацькі дрэнна разумеюць расейскую мову, не прачыталі дамову, падпісалі. Апынулася, там было напісана, што мы мусім цягам гадзіны вызваліць памяшканне. Давялося выязджаць.

За тыя тры дні, што мы там жылі, гаспадар кватэры ўзяў $ 100, $ 300 вярнуў. Не дазволіў застацца да таго часу, пакуль не знойдзем іншы варыянт. Сказаў: «Высяляйцеся цяпер, інакш выклічу міліцыю».

 

Чытайце таксама: Уцякач? Шчыра запрашаем… у СІЗА

Сям’я зноў пайшла жыць да знаёмых. Пошук чарговага прытулку заняў 15 дзён.

– Мой муж гандлюе на «Экспабеле» мясам, – перакладае Марыяна словы маці Фаўзіі. – Грошай, якія ён зарабляе, ніяк не хапае. Хутка зіма, а ў нас увогуле нічога няма. Муж вырашыў, што сёлета дзеці не пойдуць у школу. Няма грошай, ён не можа купіць ні заплечнікі, нічога.

«Штодня ў Афганістане ўсё горш і горш»

У 2011 годзе Заманудзіну пачалі пагражаць талібы. Тэрарысты з «Талібану» выразна далі зразумець, што калі ён будзе працягваць працаваць на тым жа месцы, то яго самога, жонку і дзяцей будзе чакаць незайздросная доля.

– Штодзень у Афганістане становіцца горш і горш, – перакладае словы свайго бацькі Марыяна. – Напярэдадні ад’езду мне пагражалі, што калі не перастану працаваць, у мяне могуць выкрасці дзяцей і жонку. Адкуль такія пагрозы? Талібы баяцца, што мусульмане пяройдуць у хрысціянства. Я працаваў на фірме разам з амерыканцамі. Талібаў гэта хвалявала, паколькі яны меркавалі, што такія кантакты могуць падштурхнуць змяніць рэлігію.

Пазіцыі талібаў у Афганістане сёння настолькі моцныя, што баевікі дазваляюць сабе напады на базы ўнутраных войскаў, паліцэйскія пастарункі і войска.

Для цывільнага насельніцтва фанатыкі ўводзяць свае законы. Яны забараняюць тэлебачанне, інтэрнэт, музычныя інструменты, выяўленчае мастацтва. Жанчынам забараняюць з’яўляцца без суправаджэння мужчынаў у грамадскіх месцах, падпальваюць школы, дзе вучацца дзяўчыны. За некалькі месяцаў да таго, як сям’я Замундзіна пакінула Афганістан, талібы расстралялі 7-гадовага хлопчыка «за шпіянаж».

Сям’я спачатку выехала ў Расею. Цягам дзесяці месяцаў яны знаходзіліся ў Краснадары. Спрабавалі атрымаць дакументы, якія б пацвярджалі статус уцекачоў, аднак безвынікова.

Пераехалі ў Беларусь, у Менск. Сям’ю накіравалі ў гомельскі спецыяльны інтэрнат, дзе жывуць уцекачы. Год сям’я пражыла ў Гомлі. Потым вярнулася ў Менск. Права на знаходжанне на тэрыторыі Беларусі сям’я мае да 10 лютага. Дагэтуль у іх няма ні статусу ўцекачоў, ні ўпэўненасці, што зімой іх не дэпартуюць у Афганістан.

– Калі б у Афганістане не было праблем, калі б не было вайны, мы б ужо даўно вярнуліся, – тлумачыць словы бацькі Марыяна. – Але кожны дзень там становіцца ўсё горш. Нашыя сваякі, з якімі мы часам кантактуем, кажуць, каб мы ні ў якім разе не вярталіся.

– А тут… наперадзе зіма. Куды мы пойдзем? – паціскае плячыма Фаўзія.

«30 мільёнаў жывуць у Афганістане, чым вам дрэнна?»

Цяпер сям’я ў такім становішчы, калі нават да доктара трапіць няма магчымасці, бо на гэта патрэбныя грошы. Страхоўкі ёсць, аднак калі баліць горла ці пачынаецца алергія, хуткую выклікаць не будзеш. У сям’і лечацца тым, што дадуць у аптэцы.

– Нам не даюць дакументаў на пражыванне нават на два гады. Мы ўвесь час мусім хадзіць і працягваць дазвол на кароткія тэрміны, – перакладае Марыяна словы бацькі Заманудзіна. – У лютым нас могуць проста дэпартаваць. Мы не разумеем, чаму нам не даюць статус уцекачоў.

Кажуць: «30 мільёнаў чалавек жывуць у Афганістане, чым вам дрэнна? Ідзіце і таксама жывіце». У нашых знаёмых сем’яў з Афганістана, якія цяпер у Беларусі, даўно вырашаныя пытанні з дакументамі. Яны маюць від на жыхарства. Нам дагэтуль не даюць нічога.

Старэйшыя Марыяна і Самір раней хадзілі ў школу, малодшыя ўвесь час былі ўдому. У садок ніхто не хадзіў, бо гэта патрабуе дадатковых выдаткаў, якія сям’я не можа сабе дазволіць.

Сямігадовы Абдул у верасні мусіў пайсці ў першы клас. Аднак праз недахоп грошай сёлета ўсе дзеці могуць не пайсці вучыцца.

Марыяна і Самір пасля таго, як выехалі з Афганістана, пачалі актыўна вывучаць расейскую і беларускую мовы. Марыяна заўважае, што па беларускай літаратуры ў Саміра нядрэнныя поспехі і ён не раз атрымліваў пахвалу ад настаўнікаў.

Як можна дапамагчы сям’і

Калі сям’і дапамогуць з заплечнікамі, школьнай формай, школьнымі прыналежнасцямі, яны змогуць хадзіць у школу. Паколькі набліжаецца зіма, дзецям патрэбныя таксама цёплыя рэчы: курткі, шапкі, калготы, боты.

Марыяна (13 гадоў, памер нагі – 38)

Самір (12 гадоў, памер нагі – 40)

Абдул (7 гадоў, памер нагі – 32)

Сара (5 гадоў, памер нагі – 28)

Марва (4 гады, памер нагі – 28)

Вы можаце дапамагчы гэтай сям’і, звярнуўшыся па нумары: + 375 29 126 06 12

Настасся Маланка, belsat.eu.

Глядзі таксама
Каментары