«Дажынкі» па-новаму адбудуцца вясною


Урад Беларусі абвесціў пра змены ў вызначэнні пераможцаў у спаборніцтве працаўнікоў сельскай гаспадаркі, якое раней было вядомае пад назваю «Дажынкі».

Узнагароджанне пераможцаў па выніках працы за 2014 год плануецца правесці ў сакавіку гэтага года на рэспубліканскім сходзе работнікаў аграпрамысловага комплексу з удзелам прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе interfax.by.

Згодна з пастановай ураду Беларусі №69 з 3 лютага 2015 года, пераможцамі могуць быць прызнаныя: адна вобласць, адзін раён кожнай вобласці і тры сельскагаспадарчыя арганізацыі ад кожнай вобласці. Пры гэтым для арганізацыяў вызначылі тры намінацыі: найлепшыя ў перапрацоўцы прадукцыі; найлепшая птушкафабрыка і (або) комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы і свіней; для іншых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Дакументам не дапускае да спаборніцтва стратныя прадпрыемствы, з запазычанасцю па выплаце заробкаў і тыя, дзе па віне наймальніка былі няшчасныя выпадкі.

Пераможцы атрымаюць дыпломы і грашовыя прэміі. На ўзроўні вобласці яны ўстаноўлены ў памеры 2280 базавых велічыняў (1 базавая велічыня = Br 180 тыс.), Раёна – 1290 базавых велічыняў, на ўзроўні сельскагаспадарчай арганізацыі – 835 базавых велічыняў.

У 2014 годзе кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што фармат «Дажынак» неабходна змяніць. Лукашэнка тады адзначыў, што фестываль задумваўся як падвядзенне вынікаў сельскагаспадарчага года, аднак у пачатку восені, калі праводзіцца свята, яшчэ рана казаць пра вынік. «Гэта значыць, мы падводзім вынікі фактычна толькі па збожжавых культурах», – удакладніў лідар Беларусі. Ён падкрэсліў, што за аснову варта браць, перш за ўсё, не валавыя аб’ёмы, а эфектыўнасць продажаў, атрыманы прыбытак, грошы на рахунках. «Такую інфармацыю мы можам мець толькі па выніках года», – сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, на ўзроўні кіраўніка дзяржавы вынікі сельскагаспадарчага года варта падводзіць больш «дакладна і маштабна». У прыватнасці, Лукашэнка прапанаваў ушаноўваць аграрыяў у Палацы Незалежнасці ў пачатку каляндарнага года, дзе будуць уручацца, у тым ліку, і дзяржаўныя ўзнагароды.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў