Давыдзька ўзначаліў «Белую Русь». Яна засталася аб'яднаннем, а не партыяй


Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька стаў новым кіраўніком «Белай Русі». Такое рашэнне было прынята на ІІІ з’ездзе грамадскага аб’яднання.

Пасля прызначэння Давыдзька заявіў, што чакае новых ідэяў, а ўсе яго кантактныя дадзеныя будуць разасланыя чальцам абʼяднання.

«Мэта любой партыі — гэта барацьба за ўладу. «Белая Русь» за ўладу не змагаецца, яна змагаецца за росквіт нашага грамадства», — цытуе Давыдзьку БелТА.

Сёння ў Менску адбыўся ІІІ зʼезд РГА «Белая Русь». Многія чакалі, што менавіта на ім будзе ўзнята пытанне аб пераўтварэнні абʼяднання ў партыю.

Падчас пасяджэння кіраўнік Аляксандр Радзькоў заявіў, што патэнцыял «Белай Русі» як абʼяднання яшчэ не вычарпаны, таму партыяй «Белую Русь» пакуль не абвяшчалі.

***

Генадзь Давыдзька нарадзіўся ў 1955 годзе ў Сянно Віцебскай вобласці. Скончыў Далёкаўсходні педагагічны інстытут мастацтваў, Беларускую акадэмію мастацтваў. Быў артыстам Арэнбургскага абласнога драматычнага тэатра імя Горкага, Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча, Нацыянальнага акадэмічнага тэатры імя Янкі Купалы. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь. У 1997 годзе стаў генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра.

У 2004 годзе быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. 28 снежня 2010 года прызначаны старшынёй Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Менавіта Плошчы-2010 быў прысвечаны прапагандысцкі фільм «Жалезам па шкле», у якім ён чытаў пазакадравы тэкст.

На хвалі вясновых пратэстаў 2017 года па БТ зноў прайшлі прапагандысцкія фільмы «Званок сябру», «Белы легіён чорных душ», дзе выкарыстоўваліся, у тым ліку запісы прыватных тэлефонных размоваў апазіцыйных палітыкаў.

Каментуючы сюжэт «Белсату» пра рэзідэнцыю Лукашэнкі ў Шаршунах , Давыдзька назваў яго фэйкам і наступным чынам выказаўся пра наш тэлеканал:

«Каб не пахла такімі навінамі, такой хлуснёй. Я хачу падарыць «Белсату» гэты балончык, каб пасля кожнага інфармацыйнага ўкіду яны асвяжалі вакол сябе паветра», – і папырскаў у студыі праграмы «Клуб рэдактароў» асвяжальнікам паветра.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў