Даследаванне: расейцы лічаць ЗША краінай маральнага заняпаду


Большасць грамадзянаў РФ, апытаных Усерасейскім цэнтрам даследавання грамадскай думкі, вельмі негатыўна ставяцца да амерыканскага ўраду. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага з 25 па 26 ліпеня, паведамляе lenta.ru. Прыязна ставяцца да ЗША толькі 3 % апытаных.

Як адзначаюць сацыёлагі, узровень варожасці да ЗША рэзка вырас у параўнанні з 90-мі гадамі. Тады аб негатыўным стаўленні да Вашынгтону заяўлялі 2 % расейцаў.

Цяпер жа 15 % апытаных лічаць Амерыку краінай маральнага заняпаду з высокім узроўнем злачыннасці. Столькі ж рэспандэнтаў мяркуюць, што ў адносінах паміж амерыканцамі няма «чалавечай цеплыні». 9 % упэўненыя, што ў краіне існуе расавая дыскрымінацыя.

12 % расейцаў прызналі ЗША краінай з высокім узроўнем жыцця, а 11 % рэспандэнтаў звярнулі ўвагу на моцны разрыў паміж багатымі і беднымі. Шэраг апытаных прызнаюць поспехі ЗША ў развіцці навукі і тэхнікі (7 %), 5 % жыхароў Расеі лічаць, што ў ЗША свабоднае грамадства.

У апытанні бралі ўдзел 1600 чалавек у 130 населеных пунктах Расеі з 46 рэгіёнаў. Статыстычная хібнасць не перавышае 3,5 працэнта, гаворыцца ў даследаванні.

ЮВ, belsat.eu, паводле lenta.ru

Стужка навінаў