Дашкевіч і Пальчыс перадалі ў Мінкульт дакумент-абгрунтаванне гістарычнай каштоўнасці нацыянальных сімвалаў Беларусі


У 26 гадавіну надання бел-чырвона-беламу сцягу і Пагоні статусу нацыянальных сімвалаў актывісты прынеслі ў Міністэрства культуры 18-старонкавае навукова-гістарычнае абгрунтаванне, якое некалькі месяцаў па архівах збіраў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Кур’яновіч.

«Адмыслова для таго, каб паставіць кропку ў нашай сцяганоснай кампаніі 2016 года», – напісаў Зміцер Дашкевіч у Facebook.

Зміцер Дашкевіч, фота Эдуард Пальчыс

Летась акцыю па збору подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці пачалі пасля Свята нацыянальнай сімволікі. За месяц актывісты сабралі больш за 10 тысяч подпісаў, на якія Мінкульт праз некалькі месяцаў адказаў, што няма дакументальных доказаў гістарычнасці сцяга.

«Год таму ў адказ на 10 000 сабраных подпісаў яны сказалі, што трэба прыцягнуць прафесійных гісторыкаў і выдаткаваць шмат бюджэтных грошай на даследаванні. Вось мы гэта даследаванне і даем, якое зрабіў у адзіночку, бясплатна і за пару месяцаў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Кур’яновіч. Кожны з вас цяпер можа можа выкарыстоўваць дадзенае абгрунтаванне для асабістага звароту або петыцыі. Жыве Беларусь!», – напісаў блогер Эдуард Пальчыс, які вёў стрым з сустрэчы з супрацоўніцай ведамства.

Поўны тэкст звароту тут.

Праз некалькі дзён Дашкевіч мае даведацца, хто ў ведамстве будзе адказваць за падрыхтоўку адказу.

***

26 гадоў таму, у 1991 годзе 19 верасня гістарычную сімволіку афіцыйна прызналі дзяржаўнай. Такое рашэнне прыняў Вярхоўны Савет БССР 12-га склікання – яшчэ перад распадам СССР. Парламентарыі тады ж прынялі пастанову аб змене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь.

Гістарычныя беларускія сімвалы былі дзяржаўнымі да Рэферэндуму 1995 года, калі Лукашэнка змяніў іх на савецкія, між іншым чырвона-зялёны сцяг, які прыдумалі ў часы Сталіна.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў