Дармаедам і не снілася: падаткі на колер вачэй, цень і каровіны газы


Дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» даўно акрэслілі падаткам для беспрацоўных або дармаедаў, а сёння ён уступіў у законную сілу.

Пад пагрозаю – звольненыя з дзяржпадпрыемстваў

Дакумент, які прыдумалі дзеля змагання з атрыманнем даходаў паводле шэрых схемаў, ударыць па нечаканых групах насельніцтва. Напрыклад, па хатніх гаспадынях, чые дзеці старэйшыя за 7 гадоў. Ім або іхным мужам давядзецца плаціць штраф. У катэгорыю парушальнікаў трапляюць таксама беспрацоўныя студэнты-завочнікі, фрылансеры з малым заробкам (меншым за 70 базавых велічыняў, або Br 12,6 млн) і дачнікі, якія зарэгістраваныя ў горадзе, але ўтрымліваюцца коштам свайго агароду (трэба мець рэгістрацыю ў сельсавеце).

Кіраўнік рэспабліканскага грамадскага аб’яднання індывідуальных прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка кажа, што ўсе яны працуюць празрыста. І нават тыя, хто наймае працаўнікоў (паводле заканадаўства, можна не больш за тры), плацяць усе падаткі. А вось хто насамрэч можа пацярпець ад дэкрэта, дык гэта ахвяры масавых звальненняў на дзяржаўных прадпрыемствах, з якіх можа вырасці цэлае войска беспрацоўных.

Доўгачасовыя беспрацоўныя павінны зарэгістравацца ў Цэнтры занятасці ды адгукацца на кожную вакансію, прапанаванаю дзяржавай. Тыя, хто страціў працу не ў першы месяц года і паспеў заплаціць у якасці падаходнага падатку тыя ж 20 базавых, таксама вызваляюцца ад штрафу. Беспрацоўныя, якія афіцыйна здаюць кватэры, павінны ад гэтага прыбытку аддаць дзяржаве не менш за Br 3,6 млн. Індывідуальныя прадпрымальнікі мусяць не толькі зарэгістравацца, але і весці дзейнасць, з якой плаціць падаткі.

Каму можна не турбавацца

Падатак не мусяць плаціць пенсіянеры, атрымальнікі дапамогі па выхаванні за дзіцём, інваліды і недзеяздольныя ды тыя, хто знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі меней за 183 дні. Але апошнія абавязаны прынесці дакументы, якія пацвярджаюць, што яны былі за мяжою. Таму тыя, хто ездзіў на нелегальныя падпрацоўкі, скажам, у Расею, таксама трапляюць пад дзеянне дэкрэта. Беларусы, якія маюць працадаўцу за мяжою, але жыве ў Беларусі, у якасці эксперымента вызвалілі ад падаткаў да 2017 года. Умова: заробак мусіць пералічвацца ў беларускі банк.

Экс-міністр працы: закон скіраваны супраць бяздомнікаў

Бяздомнікам ды беспрацоўным алкаголікам, хутчэй за ўсё, давядзецца адседзець адміністрацыйны арышт і падчас яго працаваць пад прымусам. Ці шмат такім чынам заробіць дзяржава і ці стане гэта стымулам для дармаедаў, каб стаць на «сцежку выпраўлення»? Экс-міністр працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Сасноў лічыць, што большасць з іх гарантаваны (хаця б на пэўны час) дах над галавою ды пайка ўспрыме, хутчэй, як станоўчы момант. А тыя, хто зарабляў паводле шэрай схемы, знойдзе, як абыйсці дэкрэт.

Праваабаронца: чалавек мае права карміцца зборам бутэлек

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, у сваю чаргу, падкрэслівае, што новы прававы акт супярэчыць не толькі шматлікім міжнародным нормам, але і Канстытуцыі РБ. Артыкул 41 устанаўлівае працу як права, а не абавязак, і пералічвае выпадкі, калі дапускаецца прымус з боку дзяржавы. Гэта рашэнне суда, надзвычайнае або ваеннае становішча. Паводле Стэфановіча, у святле міжнароднага права ніхто не можа прымушаць асобу працаваць, калі яна хоча зарабляць на ежу, збіраючы бутэлькі.

ІА, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў forbes.com

Глядзі таксама
Каментары