«Дармаед» з Менску ўцягнуў у злачынную групу гарадзенскія прадпрыемствы


Мужчына стварыў сетку падстаўных фірмаў, праз якія прадаваў у краіны СНД тавары беларускай і расейскай вытворчасці.

«Злачынную групу стварыў беспрацоўны 43-гадовы жыхар з Менску з мэтай ажыццяўлення незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці», паведамляе Камітэт дзяржкантролю (КДК).

Злачынная група выкарыстоўвала падатковыя ільготы і сістэму заніжаных коштаў падчас набыцця прадукцыі.

У прэс-рэлізе КДК адзначаецца, што з адным прадпрыемствам адначасова працавала да чатырох падкантрольных злодзеям фірмаў.

«Устаноўлена, што ў групе было задзейнічана больш за 10 падстаўных кампаніяў. Прыбытак ад супрацы толькі з адным з прадпрыемстваў Гарадзенскай вобласці, якое выпускае сантэхнічныя вырабы, склаў 6 млрд беларускіх рублёў», – паведамляе прэс-цэнтр камітэту.

Сярод удзельнікаў злачыннай групы апынуліся службовыя асобы некаторых гарадзенскіх прадпрыемстваў.

Злачынцаў чакае суд. Іх абвінавачваюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Ім пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў