Дармаед па няволі: бабруйскі актывіст і бацька шасцёх дзяцей ужо амаль паўгода сядзіць без працы

video

Пяць месяцаў без працы і амаль без шанцаў на працаўладкаванне. У Бабруйску бацька шасцёх дзяцей не па сваёй волі застаецца дармаедам – актывіста кампаніі “Гавары праўду” яшчэ летась у верасні звольнілі з Бабруйскага трактарнага заводу. Сам ён лічыць, што да звальнення спрычынілася ягоная грамадская дзейнасць.

Ні адукацыя, ні стараннасць, ні вострая патрэба ў грошах – нішто не дапамагае Уладзіміру Шчарбатых знайсці працу. Праблемы ж у звольненага з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў актывіста “Гавары праўду” пачаліся пасля ягонага далучэння да ініцыятыўнай групы кандыдаткі на прэзідэнта Таццяны Караткевіч.

УЛАДЗІМІР ШЧАРБАТЫХ, АКТЫВІСТ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ»:

“І мне ўжо так проста пачалі ўскосна пагражаць, што, калі я не напішу заявы на звальненне самастойна, то могуць мне падсунуць нейкія паперы, якія я магу падпісаць, і потым гэта можа адбіцца негатыўна на маёй кар’еры. Не толькі на кар’еры, але і на працы. І нават можа быць ужытая крымінальная адказнасць”.

СВЯТЛАНА ШЧАРБАТЫХ, ЖОНКА АКТЫВІСТА:

“Хутчэй за ўсё, што не такіх поглядаў, як ува ўсіх, як у большасці, у мужа. У такой сітуацыі можа аказацца любы чалавек. Няправільна падумаў, нешта няправільна сказаў і тое ж самае будзе”.

У сваю чаргу, кіраўніцтва заводу агрэгатаў, дзе працаваў актывіст, каментаваць сітуацыю “Белсату” адмовілася. Дадаўшы, што, калі ў яго ёсць прытэнзіі па звальненню, хай звяртаецца ў суд. Але ўвесь вольны час Уладзіміра займаюць пошукі працы, пакуль марныя. Не атрымалася ўладкавацца нават звычайным слесарам на малаказавод і мясакамбінат.

АЛЕГ ВОЛЧАК, КІРАЎНІК “ПРАВАВОЙ ДАПАМОГІ НАСЕЛЬНІЦТВУ”:

“Сёння наагул у людзей у Беларусі першая праблема – гэта знайсці працу. Вельмі складана. І наша версія такая, што людзей звальняюць, бо на гэтыя Парламенцкія выбары, якія адбудуцца ўвосень, каб не было ахвотных. Бо назіранне на прэзідэнцкіх выбарах вельмі прафесійна спрацавала. Паказала адрозненне ў паказніках з Цэнтральнаю выбарчаю камісіяй”.

Цяжкасці ж з працаўладкаваннем – не адзіная праблема Шчарбатых. У дадатак да ўсяго, сям’і прыпынілі выдачу бясплатнага харчавання для дзяцей, а іх у Святланы і Уладзіміра ажно шасцёра. У выніку ўся сям’я жыве на суму чатыры мільёны семсот тысяч рублёў на месяц.

УЛАДЗІМІР ШЧАРБАТЫХ, АКТЫВІСТ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ»:

“Здавалася б, што пры такіх умовах наадварот патрэбнае падтрыманне, а тут цябе яшчэ больш дабіваюць да ліштвы, каб ты, як кажуць, упаў. Сітуацыя наагул дрэнная, і я не разумею, як наагул прымалі такі закон”.

Застаюцца пакуль спадзевы на біржу працы, але і тут вакансіяў актывісту не прапаноўваюць. Спіс імаверных працадаўцаў па ўсёй Беларусі Уладзіміру далі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, але гарантыяў таго, што працу шматдзетны бацька знойдзе не далёка ад Бабруйску, ніхто не дае.

Кацярына Ерусалімская, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары