Дарагія пакатушкі сям'і Лукашэнкаў


Гук матораў, што роў на выходныя ў Менску, ужо аціх, але рэха параду байкераў гучыць дагэтуль. А ўсё таму, што цэнтральным удзельнікам падзеі быў Лукашэнка і ягоныя старэйшы ды малодшы сыны.

Банальны самапіяр, не пакінуў беларусаў абыякавымі

«Гэта ні з чым непараўнальна! Гэта здорава, што ён ачоліў калонну. Я бачыла, так гэта здорава! Проста гонар за тое, што ў нас такі спартовы прэзідэнт!»,

«Гэта ўвогуле не годна прэзідэнта, гэта не тое мерапрыемства, дзе мусіць прысутнічаць прэзідэнт»,

«Гэта вельмі добра, што прэзідэнт так рэагуе і бярэ ўдзел у грамадскім жыцці нашай краіны, таму гэта вельмі прыемна»,

выказваліся менчукі.

Але ці сапраўды прыемна, калі задумацца пра кошт удзелу прэзідэнта ў імпрэзе?

«Нашае эканамічнае становішча вельмі дрэннае, і ёсць куды ўкласці грошы з нашых падаткаў»,

«Грошы, укладзеныя ў мерапрыемства маглі б пайсці на іншыя патрэбы гораду»,

мяркуюць мінакі.

Задарма толькі для кіраўніка краіны

Афіцыйнай справаздачы пра выдаткі чакаць не даводзіцца. Але хаця б прыкладны кошт «прэзідэнцкіх пакатушак» паспрабавала вылічыць журналістка Святлана Калінкіна.

Паводле яе падлікаў, за пяць гадзінаў працы паўтары тысячы праваахоўнікаў дзяржаўны бюджэт выдаткаваў больш за $ 26 тыс.

«Калі бюджэт краіны ўжо не можа вытрымліваць гэтых тысяч ахоўнікаў міліцыянтаў, то іх і не павінна быць. То павінна быць 5-10. Тым больш, калі ты народам абраны прэзідэнт, то каго ты баішся?», – зазначыла Святлана Калінкіна.

І гэта без уліку аплаты аніматараў, медыкаў, пажарнікаў і камунальнікаў. Пры гэтым усе сродкі ідуць з дзяржаўнага бюджэту. Калі ж імпрэзу ладзіць апазіцыя, то ўлады фінансавы цяжар перакладаюць на арганізатараў.

«Сумы былі розныя. Аплата міліцыі магла каштаваць Br 2000. Усё залежыць ад працягласці мерапрыемства і маршрута», – распавёў Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

Апазіцыя плоціць з уласных кішэняў, улады – з падаткаў насельніцтва. Пры гэтым заробкі беларусаў змяншаюцца, а выдаткі і прыбыткі Лукашэнкі – не.

«Заробак павінен нейкім чынам суадносіцца з вынікамі ягонай працы. Калі заробак простых людзей скараціўся ў разы, то заробак прэзідэнта таксама павінен скарачацца ў разы», – упэўненая Святлана Калінкіна.

Пакуль жа, як звярнуў увагу блогер Віктар Малішэўскі, скарачаюцца выдаткі на культурніцкія імпрэзы.

$ 585 – такую суму Міністэрства культуры гатовае выдаткаваць на культурніцкую імпрэзу для дзяцей.

Відаць, таму, што ў іх не бяруць удзелу кіраўнік краіны і ягоныя сыны.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота – eugzolotuhin.livejournal.com

Стужка навінаў