«Дарагі калега Зміцер Саўка». Наста Кахан – на гадавіну адыходу мовазнаўцы


Кіраўніка моўнае службы каналу Змітра Саўку, які год таму раптоўна пайшоў з жыцця, узгадвае моўніца Наста Кахан, ягоная вучаніца і нашая калега.

Да Змітра Саўкі я падышла на вуліцы. Я вярталася з Нацыянальнае бібліятэкі. Насустрач, у бібліятэку, ішоў спадар Зміцер. Мовазнаўцу я бачыла аднойчы на «Чарнобыльскім шляху» і ў «Моўніку» на «Белсаце», хацела павітацца, але пабаялася, мы размінуліся. Аднак зразумела, што не прабачу сабе не скарыстанага шанцу, вярнулася. Паспеўшы падумаць, што лепш зрабіць, чымся не, а калі раззлую чалавека – перапрашу і забудуся пра выпадак, я спыніла Змітра Саўку: «Добры дзень! Выбачайце, ці маеце хвіліну? Хачу Вас запытаць». «Добры! Калі ласка!» – адказаў зацікаўлена, энергічна і з усмешкаю незнаёмаму чалавеку Зміцер Саўка. Я спытала, як утвараць клічны склон ад назоўнікаў жаночага роду (праз гэтае пытанне я ў той дзень і была ў бібліятэцы, але адказу не знайшла). Цяпер здаецца, спадар Зміцер адказваў спяшаючыся, хоць і грунтоўна, каб пачаць запытваць у сваю чаргу. Я правяла да бібліятэкі спадара Змітра, дарогаю мы размаўлялі: хто я, адкуль, чым займаюся… Жывая цікавая размова.

Пачуўшы, што я з Пухаўшчыны (натуральная форма, афіцыйна Пухавіччына), спадар Зміцер, мама якога з Івацэўшчыны (афіцыйна Івацэвіччына), сказаў «маё сэрца належыць Вам!».

У выніку студэнтцы філфаку Зміцер Саўка запрапанаваў «папрацаваць на карысць Радзіме».

Спачатку я трапіла, відаць, у каманду людзей, якіх вакол сябе гуртаваў спадар Зміцер, гатовых узяцца за беларускую справу. Адным з такіх заданняў была праца з перавыданнем дыялектнага слоўніка. Спадар Зміцер казаў, што ён бы і сам з задавальненнем ціха займаўся ім, але справаў зашмат. І ідэяў было шмат: вярнуць людзям забытыя працы, зрабіць іх зручнейшымі ў выкарыстанні, чакалі даследавання і ўпарадкавання шмат пытанняў беларускае мовы…

Мае перспектывы былі неакрэсленыя, але раз на тыдзень я прыходзіла да Змітра Саўкі дадому: глядзець, як ён дзяжурыць для «Белсату», як вычытвае праграмы каналу, як спраўджвае асваенні замежных імёнаў маім будучым калегам з моўнае службы, калі пільных справаў не было – як піша дысертацыю… Прызнаюся, мяне нейкі час здзіўляла, як ахвотна і шчыра часам унікальным рэчам вучыць Зміцер Саўка. А неўзабаве пачалося нямала ў чым самаахвярнае з боку спадара Змітра рыхтаванне да працы ў моўнай службе «Белсату». Казаў, што на мэце ў яго зрабіць з калегаў сябе.

Спадар Зміцер укладаў не ўсім тыповы сэнс у слова калега. Мы калегі, на каго нам яшчэ разлічваць, як не адно на аднога. Гэтыя словы прагучалі аднойчы ды пацвердзіліся шмат разоў. Спачатку далікатна прымусіў пайсці да доктара развязваць мае праблемы, першы раз мы пайшлі разам, пасля рэгулярна цікавіўся справамі. Калі пагрукалася праблема з размеркаваннем – сур’ёзна ўзяўся за яе, між іншага, прыходзіў ува ўніверсітэт высветліць, што можна зрабіць.

Перад пачаткам працы ў бібліятэцы па размеркаванні прыехаў у мой родны Рудзенск размаўляць з будучаю бібліятэчнаю каляжанкаю, каб паспрабаваць спрасціць мне жыццё на дзвюх працах. Без маёй просьбы, патэлефанаваў і сказаў: «Няма чаго чакаць, я прыеду – пагаворым». Мае праблемы не былі адно маймі, Зміцер Саўка дапамагаў і справай, і ідэяй. Не любіў падзяк, калі сам выклікаўся дапамагчы. Затое вельмі цешыўся выніку, радаваўся, што палепшыў жыццё чалавеку.

Я нямала ў чым змянілася дзякуючы спадару Змітру, часта бракуе ягонага слова і меркавання.

Наста Кахан (Козіч)

Чытайце іншыя ўспаміны:

Стужка навінаў