Дарадца прэзідэнта Літвы: Еўразвяз накіраваў Менску выразны сігнал па БелАЭС


Выказаная Еўразвязам салідарнасць з Літвой з нагоды Беларускай АЭС (БелАЭС), якая будуецца ў Астраўцы, з’яўляецца важным і ясным пасланнем Менску, сцвярджае дарадца прэзідэнта Літвы Нерыюс Алексеюнас.

«Менавіта на саміце «Усходняга партнёрства», калі выступалі прэзідэнт Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер і старшыня Савета кіраўнікоў Еўропы Дональд Туск, вельмі ясна паказваючы, што гэта праблема ўсіх краін ЕЗ і што да гэтага пытання будзе надавацца асаблівая ўвага, для Беларусі гэты сігнал быў вельмі важным. Я лічу, што ён быў зразумелы, што гэта пытанне не толькі Літвы», – сказаў ў аўторак у інтэрвʼю радыёстанцыі Ziniu Radijas дарадца па знешняй палітыцы прэзідэнта Літвы Нерыюс Алексеюнас.

Ён дадаў, што Беларусь абавязаная дэманстраваць адкрытасць у пытаннях ядравай бяспекі, выконваць міжнародныя канферэнцыі, праводзіць стрэс-тэсты.

Старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер ў мінулую пятніцу на саміце «Усходняга партнёрства» у Бруселі заявіў, што праект БелАЭС, які Літва крытыкуе з-за нізкіх стандартаў бяспекі, турбуе ўсю Еўропу, і Брусель уважліва будзе за ім сачыць.

Нагадаем, атамная станцыя ў Астраўцы пачне цалкам дзейнічаць улетку 2020 году. Падчас яе будаўніцтва здараліся інцыдэнты: загінулі двое працаўнікоў і былі пашкоджаныя пры транспартаванні корпусы рэактару.

Нягледзячы на пратэсты і дыпламатычныя ноты ад Літвы будаўніцтва спрэчнага абʼекту працягваецца. Афіцыйныя Вільня і Варшава ўжо дамовіліся не купляць электраэнергію з Беларускай АЭС.

КА, belsat.eu, паводле delfi.lt

 

 

 

Глядзі таксама
Каментары