Дарʼя Домрачава: Я ніколі не выконвала якіх-небудзь палітычных заданняў КДБ


Дар'я Домрачава. Фота ctv.by

Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дарʼя Домрачава заявіла, што яе служба ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі ніколі не была звязана з палітычнымі заданнямі, а зʼяўлялася крыніцай фінансавання спартыўнай карʼеры.

«Усе, хто знаёмы са спартовымі структурамі ў еўрапейскіх краінах, ведаюць, што шмат якія элітныя спартоўцы тым ці іншым чынам аформленыя на працу дзяржавай. Гэта можа быць невялікі прыбытак або стыпендыя ад вайсковых або мытных ведамстваў, паліцыі або Міністэрства ўнутраных спраў. Так было і са мной у Беларусі. Гэтак жа, як у Нарвегіі існуе стыпендыя ад Нацыянальнага алімпійскага камітэту Нарвегіі, я атрымлівала сваю стыпендыю ад Міністэрства ўнутраных спраў», – напісала Домрачава ў электронным лісце выданню «VG».

Паводле яе, ейная супраца з КДБ пачалося 8-10 гадоў таму, калі маладая спартоўка мела патрэбу ў сродках, каб займацца выключна спортам. Фінансаванне спынілася пасля Алімпіяды ў Сочы. «Я ніколі не выконвала якіх-небудзь палітычных заданняў КДБ, а толькі атрымлівала стыпендыю, каб мець магчымасць засяродзіцца на спартыўнай карʼеры», – адзначыла біятланістка

У дадзены момант біятланістка знаходзіцца ў Нарвегіі. Яна і нарвежац Уле Эйнар Бʼёрндален (Ole Einar Bjørndalen) у пачатку кастрычніка чакаюць нараджэння першынца.

Паведамленні аб службе лідаркі беларускай біятлоннай зборнай, алімпійская чэмпіёнкі Дарʼі Домрачавай у КДБ зʼявіліся 3-га траўня са спасылкай на сайт спартовага таварыства «Дынама», чальцом якога зʼяўляецца славутая біятланістка. У кароткай біяграфіі Домрачавай, размешчанай на гэтым рэсурсе, згадвалася: «Праходзіць службу ў СК КДБ Рэспублікі Беларусь, ст. лейтэнант». Блізу вечара 3 траўня інфармацыя была выдаленая з сайта «Дынама». Як растлумачылі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў спартовага таварыства, гэта было зроблена ў сувязі з тым, што звесткі састарэлі, «і Домрачава ўжо не зʼяўляецца чальцом СК КДБ».

МЯ, паводле sports.ru

Глядзі таксама
Каментары