Дапамагаць РФ у Сірыі? Менчукі сказалі, што яны думаюць пра гэта


Журналісты «Белсату» распыталі менчукоў пра расейскую ініцыятыву запрасіць беларусаў у Сірыю.

«Я думаю, ніводзін нармальны чалавек не хацеў бы ехаць на вайну, нават калі баявыя дзеянні там скончаныя і ўсё вяртаецца да мірнага жыцця. Але з пункту гледжання сяброўскіх адносінаў паміж Беларуссю і Расеяй я не бачу аніякай праблемы ў тым, каб беларусы падтрымалі расейскае войска, калі такая неабходнасць ёсць», – гаворыць адзін з рэспандэнтаў.

Тым часам большасць апытаных мяркуе, што Беларусь не мусіць высылаць сваіх жаўнераў у Сірыю. «Нашыя вайскоўцы павінны сядзець ўдома, трэніравацца. Няма чаго лезці туды. Усялякае там бывае – і прывозяць “груз-200”...», – разважае жыхар Менску.

«У Сірыю? Не-е-е! Хай Расея сама расхлёбвае, разам з тэрарыстамі і ІД. Ніякіх нашых вайскоўцаў не павінна быць у Сірыі», – падкрэсліў удзельнік апытання.

5 ліпеня кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах па Сірыі ў Астане Аляксандр Лаўрэнцьеў звярнуўся да краінаў СНД, у тым ліку да Беларусі, з пытаннем аб магчымасці накіравання кантынгенту ў Сірыю для сумеснага маніторынгу ў зонах дээскалацыі.

Пазней у МЗС Беларусі паведамілі, што пакуль не атрымлівалі афіцыйнай прапановы накіраваць беларускіх ваенных назіральнікаў у Сірыю.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў