Данскі атаман: « У Горадні 70 % насельніцтва – расейцы. Нават па пашпарце…»


У горадзе над Нёмнам адбыўся фестываль славянскіх адзінаборстваў – з казакамі, нагайкамі ды георгіеўскімі стужкамі

«XVI фэст славянскіх адзінаборстваў» сабраў сваіх прыхільнікаў пахмурай нядзеляй ля кургана славы. У параўнанні з маштабамі мінулага году было зусім нешматлюдна: на пачатку ўдзельнікаў было ў некалькі разоў больш за гледачоў.

IMG_7698 bs

Падчас урачыстага ўскладання кветак перад пашыхтаванымі ўдзельнікамі – казакамі, рыцарамі ў шатландскіх кілтах, аматарамі страйкболу – выступілі арганізатары.

Alena Maslava
Прадстаўніца фонду «Россотрудничество» Алена Маслова, напрыклад, некалькі разоў заклікала памятаць, што ў вайне перамог менавіта Савецкі Саюз і «савецкі народ». А вось начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкаму Аляксандр Вярсоцкі мала таго, што выступіў па-беларуску, дык яшчэ і вайну падкрэслена назваў «Другой Сусветнай».

Кампанія ўдзельнікаў фэсту, як заўжды, вельмі стракатая: гэта і рыцарскія клубы, і рэканструктары шатландскай сярэднявечнай пяхоты, і казакі розных гатункаў (гарадзенскія, бабруйскія, цвярскія…), і вайскова-патрыятычныя моладзевыя арганізацыі, і аматары страйкболу. Кожны па чарзе паказваў сваё мастацтва: фехтаванне, джыгітоўку або «вызваленне закладніка» ды «вынас параненых».

IMG_8112 bs

Менш за ўсё ўпісваліся ў канцэпцыю «славянскіх адзінаборстваў» прадстаўнікі «РуМолу» – прарасейскай арганізацыі «Русь Молодая», якая ўсе апошнія гады каардынуе ў краіне раздачу георгіеўскіх стужак ды расейскіх сцяжкоў.

Rumol (2)

Rumol (1)

На пачатку фэсту тры хлопцы ў чырвоных майках спачатку маршыравалі разам з усімі, пасля раздавалі стужкі, а каля сцэны стаяў іх банэр. Неўзабаве, аднак, усё знікла: і хлопцы, і стужкі, і банэр… Кажуць, папярэдне да іх падыходзілі і нешта тлумачылі арганізатары.

Пры ўсёй адыёзнасці фэсту, сёлета не было імперскіх сцягоў ды і раздача стужак, як мы бачылі, скончылася падазрона хутка. На словах большасць казакоў з’яўляюцца прыхільнікамі беларускай дзяржаўнасці, абаронцамі айчыны. Маўляў, у казака няма нацыянальнасці, ён бароніць краіну, у якой жыве.

IMG_7967 bs

Але калі капнуць глыбей, пацікавіцца, што ён пра гэтую краіну ведае і думае – можа стаць жахліва. Напрыклад, казак Міхаіл Іванавіч, які прадставіўся атаманам Усевялікага войска данскога (пасольскі курэнь у Горадні), падзяліўся з журналістамі такімі адкравеннямі:

– Горадня – спрадвечны славянскі горад. Тут 80 % праваслаўныя, 70 % расейцы. Расейцы нават па пашпарце! Вазьміце ўсё кіраўніцтва гораду на той час (савецкі – рэд.), любога інжынера, любога спецыяліста, хто ў Горадні працаваў, усе прыезджыя з Расеі, дзеці афіцэраў, якія тут служылі. Няўжо вы думаеце, што іх дзеці, якія тут нарадзіліся, ужо не расейцы?

АК, belsat.eu

Стужка навінаў