Данкверт папярэдзіў, што Расея можа абмежаваць пастаўкі ялавічыны з яшчэ адной вобласці Беларусі


Кіраўнік Рассельгаснагляду сцвярджае, што беларускі бок нічога не робіць, каб выправіць сітуацыю з кантрафактам і кантрабандаю.

«Прадукцыі з Беларусі паступае да нас вялікая колькасць. І той абʼём, які мы адлоўліваем, – добра калі 10%. Мы закрылі Менскую вобласць для таго, каб беларускі бок разабраўся і прыняла меры. Але ніякіх мер не прымаецца. І я не выключаю, што за Менскай вобласцю мы закрыем пастаўкі яшчэ з якой-небудзь, дзе выявім кантрафакт або кантрабанду», – заявіў Данкверт у інтэрвʼю газеце «Известия».

У інтэрʼвю газеце «Известия» ён адзначыў, што не лічыць цяперашнюю сітуацыю вайной.

«Расея пакуль закрыла пастаўкі толькі з 20 беларускіх прадпрыемстваў. А ўсяго пастаўляе нам прадукцыю 600 прадпрыемстваў. Сотні беларускіх фур штодня перасякаюць расейскую мяжу. Так што ніякай гандлёвай вайны няма… Была б іншая краіна, а не Беларусь, мы б даўно зачынілі наагул усе пастаўкі. Проста закрылі б усё: мяса, гародніну і садавіну», – сказаў ён.

Без таго няпростыя стасункі Беларусі з «Рассельгаснаглядам» на пачатку лютага сапсаваліся яшчэ больш.

Рассельгаснагляд падазрае, што ў Расею пастаўляюць не беларускую ялавічыну, а ўкраінскую ці з іншых еўрапейскіх краінаў, супраць якіх дзейнічае расейскае эмбарга. Таксама ведамства заявіла, што ў 2017 годзе выявілі парушэнні санітарных нормаў у беларускім мясе і малацэ. Беларускія ўлады гэтыя закіды адхіляюць і вінавацяць Рассельгаснагляд ды ягонага кіраўніка Сяргея Данкверта ў несумленнай канкурэнцыі.

Падчас «Вялікай размовы з прэзідэнтам» Аляксандр Лукашэнка даручыў распачаць крымінальную справу супраць кіраўніка Рассельгаснагляда Сяргея Данкверта «за нанясенне страты дзяржаве». Сяргей Данкверт у сваю чаргу сцвярджае, што гэта беларускія ўлады пакрываюць кантрабандыстаў і раіць Менску навесці парадак на прадпрыемствах.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары