Данкверт адказаў на пытанні Генпракуратуры Беларусі. Завочна


Старшыня Рассельгаснагляду ў пісьмовай форме адказаў на пытанні Генеральнай пракуратуры Беларусі. Пра гэта паведамілі «Известия». Данкверт скіраваў свае адказы ў Генпракуратуру Расеі, праз якую ідзе перапіска. Ці перадалі адказы Данкверта ў беларускую Генпракуратуру, невядома.

У лісьце ён патлумачыў прычыны і падставы забаронаў на ўвоз беларускай мясной і малочнай прадукцыі шэрагу прадпрыемстваў.

Выданне са спасылкай на неназваных экспэртаў заяўляе, што кіраўнік Рассельгаснагляду«праявіў гнуткасьць і прадэманстраваў гатоўнасць супрацоўнічаць».

Асноўныя пытанні датычылі забароны паставак мясных і малочных прадуктаў з шэрагу прадпрыемстваў. У прыватнасці — забарона на пастаўкі ялавічыны з Менскай вобласці з 6 лютага. Расейскія спецыялісты падазраюць, што частка гэтай прадукцыі ішла праз Беларусь з Еўропы і Украіны, што забаронена расейскімі законамі. Аднак беларускі бок не расследаваў такія факты, таму Рассельгаснагляд палічыў, што прадукцыя невядомага паходжання пагражае біялагічнай бяспецы краіны.

Без таго няпростыя стасункі Беларусі з «Рассельгаснаглядам» сапсаваліся яшчэ больш на пачатку лютага. 3 лютага Лукашэнка падчас размовы з журналістамі не выключыў магчымасці завядзення крымінальнай справы супраць кіраўніка расейскага кантрольнага ведамства за тое, што той наўмысна шкодзіць Беларусі. Данкверт у сваю чаргу параіў Менску навесці парадак на прадпрыемствах.

28 сакавіка Рассельгаснагляд увёў новыя абмежаванні і забараніў пастаўкі прадукцыі з двух прадпрыемстваў Беларусі. У тым ліку, у чорны спіс у чарговы раз трапіла малочная кампанія «Бабушкина крынка».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў