Данецкая партызанка: «Слава антыДНРаўскаму супраціву»


Украінскія партызаны XXI стагоддзя. Што іх чакае?

Карыстальнік «Facebook’у» Jonah Karlsen – – лідар «антыДНРаўскага супраціву» – узяў на сябе адказнасць за выбух, які прагрымеў 20 кастрычніка ў Данецку. Выбухоўка спрацавала побач з месцам, дзе праводзіў нараду г. зв. віцэ-прэм’ер “ДНР” Андрэй Пургін. Лідар “Данецкай народнай рэспублікі” Аляксандр Захарчанка ўжо даўно адкапаў свой кулямёт, каб ваяваць з прыхільнікамі адзінай Украіны. Ці зробяць тое самае праціўнікі самаабвешчаных лідараў і рэспублікаў?

Самая эфектыўная вайна

«Вораг наступае – мы адступаем, вораг прыпыніўся – мы яго непакоім, вораг адступае – мы пераследуем». Гэтае простае правіла партызанскай вайны належыць Маў Цзэ Дуну, які лічыў партызанку самым надзейным і эфектыўным сродкам барацьбы з акупантамі, дыктатарамі ды каланіяльнымі рэжымамі.

«АнтыДНРаўскі супраціў» – не важна, ці гэта падрыхтаваныя дыверсанты, былыя вайскоўцы ці мабільныя тактычныя групы, – яны заявілі пра пачатак сваёй украінскай guerillа, «маленькай вайны», як называлі калісьці партызанскі супраціў іспанскія змагары часоў напалеонаўскіх войнаў.

Гісторыя паказала, што ў «лясных братоў» ёсць вельмі вялікі шанец паставіць праціўніка на калені, але пры ўмове, што партызанку падтрымае мясцовае насельніцтва. Паводле апошніх сацыялагічных даследаванняў, кожны трэці жыхар Данбасу звязвае сваё жыццё з Расеяй. Гэтыя патэнцыйныя грамадзяне «ДНР» і «ЛНР» не плачуць па страчанай радзіме. Ніхто з іх не пойдзе адкопваць кулямёт, каб распачаць сваю маленькую вайну супраць захопнікаў.

Украінскім партызанам давядзецца разлічваць толькі на сябе

Па-першае, сярод тых, хто пайшоў у войскі самаабвешчаных рэспублікаў, шмат мясцовых, ваяваць з якімі ну ніяк не выпадае. Па-другое, прапагандысцкая машына Расеі няспынна прадукуе новыя міфы пра хунту, кібаргаў і амерыканскіх наёмнікаў. А гэта значыць, што партызанскі супраціў, які прадугледжвае інфармацыйную вайну, мусіць навучыцца размаўляць з саветызаванымі жыхарамі Данеччыны і Луганшчыны на іхнай мове – расейскай.

Акрамя інфармацыйнага фронту прыйдзецца зруйнаваць інфраструктуру малых і сярэдніх мястэчак Данецкай і Луганскай абласцей. Знішчыць трэба ўсё: ад водаправодаў да высакавольтных лініяў і чыгуначных станцыяў.

Давядзецца забіваць. Тэрор і акцыі застрашвання раней ці пазней паўплываюць на дзеяздольнасць кіроўных органаў рэспублікаў, створаных пад пратэктаратам Масквы. Ліквідацыю жывой сілы праціўніка таксама ніхто не адмяняў.

 

Усё гэта працяг расплаты ўкраінскай нацыі за палітычную блізарукасць палітыкаў. І тых, хто паспяхова збег з краіны, і тых, хто намагаецца заняць іхнае месца.

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары