Дамова РБ-ЕЗ - з часоў СССР, візы не спрасцілі, гранты ідуць рэжыму


&feature=youtu.be

Пералом у стасунках паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам можа адбыцца ўжо праз месяц. Аляксандр Лукашэнка атрымаў асабістае запрашэнне на саміт Усходняга партнёрства – кіраўнікоў шасці дзяржаваў былога Савецкага саюзу і лідараў Еўразвязу.

Упершыню ў гісторыі ёсць рэальная магчымасць, што кіраўнік Беларусі наведае вялікі міжнародны форум у сталіцы Аб’яднанай Еўропы. З’явіўся шанец і на падпісанне дамовы паміж Менскам і Бруселям. Ці прыме Аляксандр Лукашэнка запрашэнне – ведае хіба толькі ён сам. Але тое, што мерапрыемства будзе выпрабаваннем для беларускай дыпламатыі – факт.

Што можна зрабіць з аглядкай на Крэмль? Высвятляў Усевалад Шлыкаў.

2010 год – росквіт ня толькі «Усходняга партнёрства», але і дачыненняў Беларусі з Захадам. Тагачасныя кіраўнікі нямецкай і польскай дыпламатыяў гасцяць у Менску і адносіны абяцаюць узняцца на не бачны раней ўзровень. У Еўропы толькі адна сціплая просьба:

– Мы спадзяемся, што гэтыя выбары пройдуць лепш за папярэднія.

– Нашмат лепш! Таму што вы гэтага хочаце, – адказвае кіраўнік Беларусі.

Як прайшлі тыя выбары памятае кожны. Пасля ізноў былі санкцыі, ізноў выходзілі на волю палітвязні, ізноў міністр замежных справаў Польшчы гасціў Менску. У гэты час Беларусь не прыпыняла ўдзелу ўва «Усходнім Партнёрстве». Ці было варта?

«Па вялікім рахунку беларуская дзяржава ня шмат атрымала ад удзелу ў Партнёрстве. Мы гэта бачым і па ўзроўню наяўнасці дамоваў і па ўзроўню рэсурсаў, што пайшлі ў краіну», – кажа Улад Вялічка, генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь».

Тым часам найбольш скарысталіся праграмай недзяржаўныя арганізацыі, грамадскія ініцыятывы і незалежныя медыі, якія маглі спадзявацца на заходняе падтрыманне. Але апошнім часам гэтыя сродкі перанакіроўваюцца на супрацу з дзяржаўнымі структурамі.

«Гэта ўжо зараз адбываецца – палітыка гэтак званага крытычнага ўцягвання – яна ўжо рэалізуецца некалькі год і сапраўды адбіваецца на рэсурсным пытанні таксама. Сёння незалежная частка грамадства, што атрымлівала больш падтрымкі ад розных партнёраў, на сёння мае істотны дэфіцыт у такога кшталту падтрыманні», – сцвярджае Вялічка.

Але афіцыйны Менск грантамі сыты ня будзе. Вядома, што на саміце будзе падымацца візавае пытанне, якое ад чэрвеня, калі быў узгоднены праект пагаднення па рэадмісіі здаецца, павісла ў паветры.

«Гэтае пытанне таксама звязанае з палітычнымі праблемамі, але там процьма тэхнічных пытанняў. Перадусім дамова аб рэадмісіі – магчымасць высылкі ўцекачоў да Беларусі, у Менску былі фінансавыя праблемы з гэтым пытаннем, але добрая воля ёсць і ўжо прынятае рашэнне аб зніжэнні коштаў на візы – то бок першы крок зроблены», – гаворыць Анна Дынэр з Польскага інстытуту міжнародных справаў.

Магчыма працы па спрашчэнні візавага рэжыму, затрымаліся на час беларуска-расейскіх вучэнняў, калі інфармацыйны фон мягка кажучы не спрыяў адкрыццю межаў з нашай краінай. Але беларуская дэлегацыя, хто б не стаяў на яе чале едзе па грошы – мяркуе адмысловец

Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў,тлумачыць:

«Беларусь разглядае «Усходняе партнёрства», як такую рамку, для распрацоўвання пагаднення аб супрацы і партнёрстве новага пакалення. Праблема ў тым, што Еўразвяз такіх дамоўваў даўно не заключаў, а ў якасці афіцыйнай мэты, Беларусь плануе такую дамову заключыць».

Пагадненне, пра якое ідзе гаворка не падпісвалася з часоў развалу СССР. У ім ня ішло гаворкі пра асацыяцыю, як гэта было з Украінай, ці нават пра патэнцыйнае сяброўства краіны ў Аб’яднанай Еўропе.

«Гады паўтары таму беларусы казалі маўляў, ці не варта вярнуцца да дамовы аб партнёстве і супрацы з дзевяностых гадоў, якая не мае нічога супольнага з рэчаіснасцю, але гісторыя з Арменіяй паказвае, што можна падпісваць дакументы аб палітычнай супрацы нават пры ўмове расейскага дазволу. Гэта ня мусіць быць дамова пра зону вольнага гандлю, ці не дай божа – аб асацыяцыі – проста дакумент, які б хоць нейкім чынам рэгуляваў узаемныя дачыненні», – каментуе Ана Дынэр.

Крэмль чатыры гады таму прымусіў Ерэван прыпыніць размовы аб еўрапейскай інтэграцыі і пераканаў далучыцца да мытнага звязу. Але ўжо на гэтым саміце дамова аб супрацы, за выняткам пункту пра вольны гандаль мае быць падпісаная . Што ж тычыцца Беларусі, то пакуль не першы план выходзіць пытанне – хто прадставіць яе на саміце? Лукашэнка не сустракаўся з Пуціным у Сочы на паседжанні вышэйшага эканамічнага савету, не пабачыўся пад час сумесных вучэнняў а замест гэтага прыняў у Менску шэраг іншых гасцей з Расеі: спачатку Рамзана Кадырава, а ў аўторак – кіраўніка вонкавай выведкі Расеі Аляксея Нарышкіна.

«Відавочна, што яны ёсць такімі медыятарамі і прывезлі сюды сігналы, нейкія стратэгічныя патрабаванні наконт таго, якую знешнюю палітыку Беларусь павінная праводзіць. Калі вось тыя патрабаванні, якія прывезеныя ў Менск і Кадыравым і Нарышкіным будуць непрымальнымі з гледзішча Аляксандра Лукашэнкі – варта чакаць яго візіту ў Брусель», – мяркуе Арсен Сівіцкі.

Самыя смелыя еўрапейскія чаканні Беларусі на гэтым саміце сягаюць не далей за падпісанне дамовы родам з дзевяностых гадоў. Еўропа працягвае беларускім уладам руку, закрываючы вочы на палітычныя рэпрэсіі, але выглядае на тое, што ўсё, на што здольны афіцыйны Менск – гэта рух на месцы з аглядкаю на Крэмль.

Сюжэт выйшаў 21 кастрычніка ў праграме «ПраСвет».

Стужка навінаў